Матэрыяльная дапамога моладзі, якая апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі, грамадскі кантроль за парадкам засялення і ўмовамі пражывання ў інтэрнатах, прававое кансультаванне, удзеул у арганізацыі адпачынку і аздараўлення, правядзенне спартыўных спаборніцтваў і разнастайных конкурсаў, інфармацыйная дзейнасць — напрамкаў работы ў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па-сапраўднаму многа. Прычым ва ўніверсітэце з’яўляюцца ўсё новыя віды падтрымкі.

Так, дзякуючы заключэнню дагавораў з шэрагам арганізацый сталіцы, студэнты — члены прафсаюза могуць карыстацца спецыяльнымі дысконтнымі карткамі, якія даюць права на скідкі пры набыцці адзення, наведванні кавярань, школы танцаў ці курсаў замежнай мовы. А дзякуючы стварэнню базы кватэр і пакояў, якія здаюцца ўнаём, іншагароднія студэнты, якія засталіся без інтэрната, а таксама студэнты-завочнікі маюць магчымасць вырашаць праблемы з пражываннем без звароту ў агенцтвы нерухомасці.

— Моладзь з’яўляецца галоўным рэсурсам грамадства, таму пытанні паляпшэння становішча маладых людзей, стварэння ўмоў для рэалізацыі іх творчага і навуковага патэнцыялу знаходзяцца на першым плане, — адзначыў падчас ІІІ пленума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр Аляксандравіч Бойка. — Дадатковыя гарантыі для моладзі вызначаюцца ў калектыўных дагаворах ці пагадненнях паміж установамі адукацыі і прафсаюзнымі арганізацыямі навучэнцаў. Падкрэслю: узровень такіх гарантый не можа быць меншым, чым у нашым галіновым пагадненні.

Напрацоўкі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта цікавыя, аднак адметныя падыходы існуюць і ў іншых навучальных установах. Станоўчы вопыт работы з вучнёўскай моладдзю, зазначылі ўдзельнікі пленума, трэба вывучаць і распаўсюджваць. Пры гэтым ініцыятыва будзе заахвочвацца. У прыватнасці, сёлета запланавана правядзенне рэспубліканскага конкурсу на лепшую пастаноўку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і арганізацыйных структур галіновага прафсаюза ў студэнцкіх інтэрнатах.

Асобная гаворка аб яшчэ адной шматколькаснай катэгорыі — маладых спецыялістах. На працягу шэрагу гадоў прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза сустракаюцца з выпускнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, тлумачаць іх правы і абавязкі пры размеркаванні і прыёме на работу, за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца вопытныя настаўнікі, якія дапамагаюць авалодванню прафесіяй, а ў калектыўных дагаворах для тых жа маладых работнікаў прадугледжваюцца дадатковыя гарантыі, у першую чаргу па аплаце працы і забеспячэнні жыллём.

— У некаторых рэгіёнах маладым спецыялістам назначаюцца адчувальныя павышэнні тарыфных ставак па кантрактах, кампенсацыі пры найме і добраўпарадкаванні жылля, — падкрэсліў Аляксандр Бойка. — Дзякуючы сумесным намаганням аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама і гаркама галіновага прафсаюза, 100 працэнтаў іншагародніх маладых спецыялістаў атрымалі месца ў інтэрнатах горада. А ў агракамбінаце “Сноў” Нясвіжскага раёна да 1 верасня мінулага года быў здадзены дом маладога настаўніка.

Падобныя прыклады можна працягваць. Прычым матэрыяльнае стымуляванне і дапамога ў вырашэнні жыллёвых пытанняў застануцца ў ліку прыярытэтаў дзейнасці галіновага прафсаюза і далей, як і прававая дапамога, стварэнне бяспечных умоў працы, часовая занятасць навучэнцаў, падтрымка творчых праектаў, аздараўленне, развіццё масавай фізкультуры і спорту. Разам з тым, зазначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Сяргеевіч Мікша, работу з моладдзю трэба выводзіць на новы ўзровень. Так, у якасці адной з асноўных мэт Маладзёжнага савета Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі вызначана ўключэнне дадатковых гарантый для моладзі ў лакальныя прававыя акты ўсіх без выключэння ўстаноў галіны.

— Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, абсалютная большасць беларускай моладзі аддае перавагу спакойнаму і мірнаму жыццю, імкнецца да атрымання якаснай адукацыі і пабудовы паспяховай кар’еры, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Таму задача дзяржавы — стварыць адпаведныя ўмовы. А ў сваю чаргу задача моладзі — выкарыстаць іх для самарэалізацыі і развіцця дзяржавы.

На працягу мінулага Года моладзі ўдалося рэалізаваць шэраг новых праектаў і ідэй. У краіне прайшоў рэспубліканскі форум вясковай моладзі, першы форум спецыялістаў па рабоце з моладдзю, І Міжнародная канферэнцыя студэнцкага самакіравання, дзень студэнцкага самакіравання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася развіццю маладзёжнай інфармацыйнай прасторы, у тым ліку выкарыстанню сацыяльных сетак.

— Традыцыйна важныя пытанні — арганізацыя работы студатрадаў, падтрымка валанцёрскага руху, міжнароднае супрацоўніцтва, вырашэнне некаторых сацыяльных праблем, адной з якіх з’яўляецца недахоп месцаў у інтэрнатах вышэйшых навучальных устаноў, — працягнуў намеснік міністра. — Летась праведзена работа па аптымізацыі жылога фонду і засяленні іншагародніх студэнтаў, што дазволіла зменшыць напружанасць. А што да планаў на найбліжэйшыя гады, то ў іх — будаўніцтва інтэрнатаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і ў студэнцкай вёсцы.

Адначасова працягнецца работа над нарматыўнай прававой базай у сферы маладзёжнай палітыкі. Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу старшыні, Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі Беларусі Інесы Анатольеўны Кляшчук, заканадаўства патрабуе пастаяннага ўдасканальвання, а для прыняцця канчатковых рашэнняў важна ведаць меркаванні саміх маладых людзей. З гэтай мэтай сі стэматычна праходзяць сустрэчы парламентарыяў з прадстаўнікамі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама створаны Рэспубліканскі маладзёжны савет пры міністры адукацыі, наступнае пасяджэнне якога будзе прысвечана пытанням падтрымкі працоўнай моладзі.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце"  ад 28 студзеня 2016 года №9 (7767)

Plenum BNTU

 

Твитнуть