Урачыстая цырымонія ўшанавання і ўзнагароджання прафсаюзных актывістаў — выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі сапраўды нагадвае выпускны вечар. Дзяўчаты і хлопцы ў прыгожым адзенні, цёплыя словы, кветкі, узнагароды і крыху суму і настальгіі — усё гэта было на мерапрыемстве, арганізаваным ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў рамках акцыі "Студэнты і прафсаюз — разам".

Як гэта і бывае на выпускных, хлопцаў і дзяўчат на гэтай сустрэчы ахапілі ўспаміны. Выпускніца БДПУ імя Максіма Танка Радаслава-Марыя Ларчанка расказала, як па начах ёй тэлефанавалі студэнты з пытаннямі пра засяленне, як не давалася ёй спачатку работа з дакументамі. Марыя Брышчук-Клімавец, таксама выпускніца педагагічнага ўніверсітэта, жартуе, што працавала яшчэ і "псіхолагам": да яе прыходзілі з пытаннямі, якія датычыліся не толькі прафсаюзнай работы, а звярталіся і па асабістых справах, расказвалі, што іх непакоіць. У кожнага з прафсаюзных лідараў мноства цікавых гісторый, і ўсе яны — пра шчырую дапамогу людзям. Гэтыя маладыя людзі змаглі стаць не проста супрацоўнікамі прафсаюза, але і сапраўднымі таварышамі для студэнтаў.

Штогод ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі збірае разам выпускнікоў сталічных УВА, якія за гады навучання праявілі сябе як сапраўдныя лідары, каб на прыгожай цырымоніі адзначыць іх плённую працу.

— Тут сабраліся хлопцы і дзяўчаты, якія падчас навучання актыўна ўдзельнічалі ў рабоце прафсаюзных арганізацый, шмат часу і сіл аддалі грамадскай рабоце, развіццю не толькі прафарганізацый, але і сваіх УВА наогул. Яны шчыра працавалі, і для нас вельмі важна сказаць ім за гэта “дзякуй”. Сённяшняе мерапрыемства дазваляе нам гэта зрабіць, — расказвае Міхаіл Барэйша, старшыня Маладзёжнага Савета  Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзел у цырымоніі ўзялі выпускнікі БДУ, БДЭУ, БДУІР, БДПУ імя Максіма Танка, БНТУ, БДТУ, МДЛУ, гасцямі мерапрыемства сталі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прафсаюзныя лідары сабраліся ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. 3 найлепшымі пажаданнямі і словамі падзякі да прысутных звярнулася Наталля Леанідаўна Каменка, галоўны спецыяліст апарату ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

— За гады навучання вы атрымалі не толькі багаж ведаў, але і вопыт работы ў камандзе, развілі свае лідарскія і арганізатарскія якасці. Упэўнена, вы зоймеце дастойнае месца ў жыцці, не згубіўшы сувязь з галіновым прафсаюзам. Вашага таленту, уменняў і ведаў хопіць, каб стаць лідарамі прафсаюзных арганізацый у новых калектывах, дзе вы і надалей будзеце працаваць на карысць людзей, — выказала меркаванне Наталля Леанідаўна.

Каля 30 удзельнікаў мерапрыемства былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі ЦК галіновага прафсаюза. Усе выпускнікі прызналіся, што прафсаюзная работа дала ім шмат, яны навучыліся вырашаць жыццёвыя задачы. Гады навучання ва УВА пакідаюць чалавеку на памяць мноства яркіх успамінаў. Студэнты — прафсаюзныя лідары — будуць сумаваць не толькі па сваім студэнцкім жыцці, але і па сваіх справах у прафкаме.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете"  №70 ад 23 чэрвеня 2016 г.

2016 Vypusk s 1

Твитнуть