Газета "Звязда" аб  некаторых асаблівасцях  чэшскай сістэмы адукацыі.  

 Адзін дзень весялосці — супраць ста дзён цяжкай працы...

Дырэктар пражскай базавай школы «Вратыслаўска», доктар педагагічных навук Іржы ТРУНДА лічыць, што школа — гэта не толькі чэшская мова, матэматыка, фізіка і гісторыя... Варта выйсці за яе дзверы, каб у гэтым пераканацца. Як рыхтуюць школьнікаў у Чэхіі да дарослага жыцця, якія кампетэнцыі і навыкі ў іх развіваюць, даведаліся беларускія педагогі, якія паўдзельнічалі ў адукацыйнай вандроўцы ў гэту краіну.

 

На ўро­ку ў першым класе ў Печ­ках.

На ўро­ку ў першым класе ў Печ­ках.

Парламент галасуе за... піжамы

Горад Печкі — хоць і невялікі, па нашых мерках, населены пункт з колькасцю насельніцтва 4,5 тысячы чалавек, тым не менш у базавай школе тут навучаюцца 650 вучняў (праўда, у Чэхіі школьнікаў называюць студэнтамі). Сюды з'язджаюцца дзеці з усяго наваколля. Стараста мястэчка ўпэўнены, што максімальнае запаўненне школы сведчыць пра яе запатрабаванасць і высокую якасць адукацыі, якую тут даюць. Між іншым, званок для ўсіх школьнікаў звініць у 7.45. І дзеці на ўрокі не спазняюцца.

Трэба растлумачыць, што базавая школа ў Чэхіі падзелена на дзве ступені: першую (1—5 класы) і другую (6—9 класы), пасля праходжання якіх можна працягнуць навучанне ў сярэдняй школе (аналаг нашых каледжаў), у сярэднім спецыяльным вучылішчы, дзе падлеткі атрымліваюць прафесію, або ў чатырохгадовай гімназіі (толькі на падставе здадзеных экзаменаў). Такім чынам, вучоба можа зацягнуцца для шкаляроў на 13 гадоў, хоць абавязковым у Чэхіі з'яўляецца толькі дзевяцігадовае навучанне. Навучальны год доўжыцца з 1 верасня да 30 чэрвеня з перапынкамі на асеннія, зімовыя і вясеннія канікулы. Штодня ў школьным раскладзе ў вучняў базавай школы — па шэсць-сем урокаў. Для таго каб прэтэндаваць на паступленне ва ўніверсітэт, трэба абавязкова здаць "матурыту" — экзамен, які пацвярджае засваенне поўнай сярэдняй адукацыі і дае права працягнуць навучанне ўжо ў вышэйшай школе.

Для дзяцей, якія праяўляюць схільнасці да пэўных навук (дакладных ці гуманітарных), ёсць магчымасць паступлення ў васьмігадовую гімназію пасля пятага класа ці ў шасцігадовую — пасля сёмага. Але адбор ажыццяўляецца выключна на конкурснай аснове пасля здачы экзаменаў па чэшскай мове, матэматыцы і замежнай мове. Гімназічная адукацыя карыстаецца вялікім попытам у бацькоў. Гэта прэстыжныя навучальныя ўстановы, вучні якіх нацэленыя на паступленне ў ВНУ. Таму і конкурсы ў іх высокія.

Базавая школа ў Печках — без перабольшання, эпіцэнтр грамадскага жыцця ў сваім рэгіёне. Вельмі шмат увагі тут надаецца рабоце школьнага парламента. Кожны клас дэлегуе ў яго двух сваіх прадстаўнікоў на падставе праведзеных выбараў. Курыруе работу парламента настаўніца гісторыі Ева ЗАІЦАВА.

— Тым вучням, якія не былі абраныя, але цікавяцца работай парламента, мы дазваляем прыходзіць на яго пасяджэнні, але без права галасаваць. Дзецям у школе павінна быць камфортна, таму мы заўсёды ўважліва да іх прыслухоўваемся. Так, па іх ініцыятыве у нас прайшоў дзень... піжам, калі і вучні,
і настаўнікі прыйшлі ў школу ў адзенні для сну. У мяне ёсць фатаграфія ў піжаме — я была ў ёй проста прыгажуня! Праўда, маці, калі ўбачыла, як мой муж (дырэктар школы) збіраецца ісці ў піжаме на работу, сказала, што, калі яго сустрэнуць паліцэйскія, ён больш не будзе дырэктарам, — смяецца пані Ева. — Некалькі разоў за навучальны год мы арганізуем так званыя вясёлыя дні, напрыклад, калі дзяўчаткі апранаюцца як хлопчыкі, і наадварот. Ці дні самакіравання, калі настаўнікі замест сваіх вучняў садзяцца за парту. За актыўны ўдзел у такіх агульнашкольных мерапрыемствах дзеці атрымліваюць своеасаблівыя фанты. Яны даюць ім магчымасць «адкупіцца», напрыклад, калі вучань не зрабіў хатняе заданне ці калі настаўнік хоча паведаміць не вельмі прыемную інфармацыю яго бацькам або выставіць адзнаку, якая не задавальняе школьніка. Мы лічым, што моманты, калі нашы вучні — шчаслівыя, вельмі і вельмі важныя: яны будуць успрымаць школу пазітыўна і жыць у чаканні наступнага свята. Адзін дзень весялосці — супраць ста дзён цяжкай працы...

Школа некалькі гадоў супрацоўнічае з ЮНІСЕФ, дапамагае афрыканскім дзецям. Вучні сваімі рукамі робяць лялькі, якія потым прадаюцца на кірмашы. Дарослыя ведаюць, што, набываючы цацку, яны ахвяруюць свае грошы на добрую справу. Але да продажу лялек дзеці не прыцягваюцца, каб не мець дачынення да грошай, — гэта робяць прадстаўнікі ЮНІСЕФ. Таксама ў школе збіраюцца пластыкавыя коркі ад бутэлек, а грошы ад іх рэалізацыі накіроўваюцца жанчыне, якая выхоўвае цяжка хворае дзіця.

Найбольш актыўныя члены школьнага парламента ў канцы навучальнага года заахвочваюцца. Напрыклад, летась яны ездзілі ў Прагу на экскурсію ў сапраўдны парламент.

«Афрыканы» для Афрыкі і не толькі

Дзейнічае школьны парламент на выбарнай аснове і ў базавай школе «Вратыслаўска» ў Празе.

— Па панядзелках усе вучацца з дзевяці гадзін, таму што ў восем гадзін збіраецца школьны парламент, — расказвае намеснік дырэктара школы, настаўнік гісторыі і чэшскай мовы Павел МАРЦІНОЎСКІ. — Звычайна першы ўрок у пачатковай школе пачынаецца ў 9 гадзін, а вучні на другой ступені вучацца з 8 гадзін. Група падоўжанага дня працуе з сямі раніцы і да паловы шостай вечара. Як правіла, вучні самі вырашаюць, у якіх праектах яны хацелі б узяць удзел. Так, летась школьнікі даведаліся, што адна з грамадскіх арганізацый займаецца дапамогай бедным дзецям. Умовай было падрыхтаваць падарунак, які б умясціўся ў каробку з-пад абутку. Дзеці ўсё вельмі прыгожа ўпакавалі. Яшчэ адзін праект — «Афрыканы для Афрыкі». Афрыканы — гэта назва кветкі. Вучні атрымліваюць ад грамадскай арганізацыі насенне кветкі, саджаюць яго дома ў гаршчок, паліваюць, а калі расліна вырастае, яе прадаюць і выручаныя грошы перадаюць грамадскай арганізацыі. За іх закупляюцца вучэбнае абсталяванне і сродкі для навучання, якія перадаюцца дзецям у Афрыцы. Усё гэта здымаецца на відэа, якое затым дэманструецца школьнікам, каб тыя бачылі, што іх намаганні прыносяць рэальную карысць. Нягледзячы на тую акалічнасць, што кветачка каштуе ўсяго 10—15 крон, бацькі плацяць за іх больш, і летась мы нават атрымалі дыплом, які сведчыць, што сабралі грошай больш, чым ва ўсіх іншых школах, якія таксама далучыліся да дабрачыннага праекта.

Некалькі гадоў таму школьны парламент прапанаваў рэканструяваць тэрыторыю, што знаходзілася побач са школай, — зрабіць з яе гульнявую пляцоўку, дзе можна было б адпачываць на вялікім перапынку. Прадумалі спартыўны рыштунак, нават абвясцілі конкурс на тое, як яна павінна выглядаць. І цяпер пляцоўка выкарыстоўваецца з карысцю для ўсіх. На чарзе — вырашэнне пытання з паліцыяй. Звычайна, калі дзеці ідуць у школу, для іх бяспекі побач з пешаходным пераходам дзяжурыць паліцэйскі. Вучні бачаць, што пераход побач са школай амаль што бяспечны. Сюды заязджаюць толькі бацькі, якія прывозяць у школу сваіх дзяцей, а потым іх забіраюць. Але крыху далей ёсць небяспечнае перакрыжаванне, дзе ходзіць трамвай, аднак там паліцэйскага няма. Школьны парламент вырашыў, што паліцыі трэба змяніць сваю дыслакацыю. Зараз гэту ідэю будуць афармляць, рабіць чарцяжы і накіроўваць прапановы ў паліцыю.

Няўжо адміністрацыя школы прыслухоўваецца да ўсіх дзіцячых прапаноў?

— Калі мы не згодныя, то павінны растлумачыць дзецям, чаму не ідзём ім насустрач, — запэўнівае Павел Марціноўскі. — Будынак школы налічвае шэсць паверхаў, але нашы дзеці лянуюцца хадзіць пешшу. Таму і прапанавалі зрабіць хуткасны спуск з апошняга паверха. Падышлі да справы адказна: вывучылі падрабязна гэта пытанне, даведаліся пра вытворцаў такога абсталявання. Але нам давялося ім растлумачыць, што іх ідэя нездзяйсняльная ў сувязі з немагчымасцю выканання мер бяспекі. Мы стараемся і самых малодшых дзяцей рыхтаваць так, каб яны былі гатовы да дыскусіі. Для нас вельмі важна, каб дзіця магло сфармуляваць пытанне, таму што часта пытанне нават больш важнае за адказ, гэта сведчанне таго, што маленькі чалавек над чымсьці задумаўся. Калі нам удасца зрабіць гэта ў пачатковай школе, потым з дзецьмі будзе прасцей працаваць. У іншых установах адукацыі ўжо ведаюць, што наша школа выпускае пэўны тып вучняў з крытычным мысленнем і ўменнем аргументаваць сваю пазіцыю. Безумоўна, не ўсе школы працуюць так, як мы, многія прытрымліваюцца вельмі строгіх правілаў. Ці можа нашкодзіць дзецям шмат свабоды? Я так не думаю. Усё моцна залежыць ад асобы педагога і ад супрацоўніцтва з бацькамі. У нас ёсць школьны псіхолаг, які дапамагае не толькі працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, але і ў іншых складаных сітуацыях. Напрыклад, зараз мы спрабуем змагацца з мабільнымі тэлефонамі на ўроках у дзявятых класах. Калі па-добраму не атрымліваецца, можам быць і строгімі, таму што ў школьнай дэмакратыі таксама ёсць пэўныя рамкі, і калі яны парушаюцца, то ў сілу ўступае закон.

А ці не выступаюць школьныя парламентарыі за змяншэнне аб'ёму хатніх заданняў? — пацікавіліся беларускія педагогі. Высветлілася, што для юных чэхаў гэта пытанне неактуальнае.

— Асноўны аб'ём работы ажыццяўляецца ў класе на ўроку, — растлумачыў Павел Марціноўскі, — а дома адбываецца толькі замацаванне матэрыялу, каб вучань адчуваў сабе больш упэўнена.

Работа ў групах на ўроку гісторыі.

Работа ў групах на ўроку гісторыі.

Не толькі вялікія паўнамоцтвы...

Цікава, што ў Чэхіі самая высокая адзнака — 1 бал. А «пяцёрка» — гэта наша двойка ці нават кол. Але настаўнікі спрабуюць абысці гэту сістэму. Прыдумляюць палавінчатыя адзнакі, напрыклад выстаўляюць адзін з мінусам ці два з плюсам. У пачатковых класах пакуль ад папяровых дзённікаў не адмаўляюцца, таму што дзецям вельмі прыемна прынесці дамоў і паказаць бацькам свой «школьны пашпарт» з адзінкай, для іх гэта вельмі важна. А ў сярэдніх і старшых класах укаранёны ўжо электронны журнал, які з'яўляецца адным з галоўных сродкаў камунікацыі і не дублюецца на папяровых носьбітах. Доступ да яго ёсць як у школьнікаў, так і ў іх бацькоў, таму ні адзнакі, ні хатнія заданні ўжо не схаваеш... Да таго ж у кожнага вучня ёсць сваё партфоліа, куды сабраны ўсе работы, якія ў любы момант можна паказаць яго бацькам.

У школе «Вратыслаўска», якая робіць стаўку на інклюзію, налічваецца 310 вучняў. У адным класе іх можа быць ад 17 да 27. Дзяцей са спецыяльнымі патрэбамі зараз прыблізна трэцяя частка. Ёсць сярод школьнікаў дзеці не толькі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і з рознымі іншымі спецыфічнымі адукацыйнымі і сацыяльнымі патрэбамі, напрыклад, дзеці з цыганскіх сем'яў, для якіх адукацыя не з'яўляецца каштоўнасцю, таксама нашчадкі імігрантаў з Украіны, Расіі, В'етнама, якія не вельмі добра валодаюць чэшскай мовай... Самая вялікая праблема — навучанне дзяцей з цыганскай дыяспары, таму што іх бацькі школу не заканчвалі і не разумеюць, навошта адукацыя іх нашчадкам, чаго не скажаш пра тых жа в'етнамцаў, якія, наадварот, вельмі матываваныя на вучобу.

Да Хэлоўіна ў Чэхіі рыхтуюцца і школьнікі.

Да Хэлоўіна ў Чэхіі рыхтуюцца і школьнікі.

У многіх вучняў — індывідуальная адукацыйная праграма. Над яе стварэннем працуюць школьны псіхолаг, спецыяльны педагог, класны кіраўнік і асістэнт педагога пры ўдзеле бацькоў. У класах з асаблівымі дзецьмі, як правіла, прысутнічае асістэнт, і нават не адзін — усё залежыць ад цяжкасці парушэнняў. Мінусам гэтай сістэмы Павел Марціноўскі лічыць неабходнасць запаўнення вялікай колькасці папер, бо для таго, каб прафінансаваць работу асістэнта, даводзіцца афіцыйна тлумачыць, чаму ён патрэбны, у якім аб'ёме і колькі патрабуецца сродкаў. Большасць асістэнтаў — гэта студэнты, што прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, або настаўнікі-пенсіянеры, якія ўжо не хочуць штодня працаваць з вялікай колькасцю вучняў. З маладых асістэнтаў часта вырастаюць сапраўдныя педагогі з вялікай літары. Для іх у школе ствараюцца ўмовы, каб яны атрымлівалі вышэйшую педагагічную адукацыю.

Калі ў класах ёсць 18 вучняў і больш, школа лічыцца фінансава самадастатковай. Паколькі заробкі настаўнікаў залежаць ад колькасці вучняў, таму і класы тут вялікія — да 30 чалавек. Адметнасць усіх чэшскіх школ — гэта іх аўтаномія. Дырэктар, які выбіраецца на шэсць гадоў, можа самастойна вырашаць і педагагічныя пытанні, і кадравыя, і фінансавыя. На пасаду дырэктара абвяшчаюцца выбары, заявіць сваю кандыдатуру можа кожны, хто адпавядае агучаным крытэрыям. Камісія з васьмі чалавек, у склад якой абавязкова ўваходзяць прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, вывучае ўсе заяўкі, праводзіць гутаркі з кожным прэтэндэнтам і прапануе ратушы свайго кандыдата. Калі школа працуе паспяхова, часцей за ўсё дырэктар перавыбіраецца на новы тэрмін. Праўда, бацькі, у якіх ёсць прэтэнзіі, могуць звярнуцца ў школьную інспекцыю, каб ініцыяваць дадатковую праверку, і, калі тая вырашыць, што справы ва ўстанове насамрэч ідуць не найлепшым чынам, яна можа хадайнічаць аб перавыбранні дырэктара. Таму, з аднаго боку, у кіраўніка школы ёсць вельмі вялікія паўнамоцтвы, а з другога — не менш вялікая адказнасць. Праўда, пра свой візіт, як і пра яго мэту, школьная інспекцыя заўсёды загадзя папярэджвае адміністрацыю навучальнай установы.

Партфоліа вучняў.

Партфоліа вучняў.

Яшчэ адна адметнасць — адсутнасць у чэшскіх школах адзіных вучэбных планаў. Вядома, дзяржава задае пэўныя рамкі, але навучальная ўстанова сама думае, чым іх напоўніць і якімі сродкамі дасягнуць чаканага выніку. Напрыклад, у школе ў Печках англійскую мову дзеці вывучаюць з трэцяга класа. А ў восьмым — дзявятым класах даецца яшчэ адна замежная мова на выбар: нямецкая ці руская. Большасць дзяцей выбіраюць рускую мову. Зноў-такі другую замежную мову можна вывучаць тры гады па дзве гадзіны на тыдзень ці два гады — па тры гадзіны на тыдзень. На якім варыянце спыніцца, школа вырашае сама. Таксама самі настаўнікі-прадметнікі вырашаюць, якім з адобраных міністэрствам адукацыі падручнікаў яны будуць карыстацца. Па кожнай дысцыпліне існуе шмат падручнікаў, пры гэтым тыя вельмі моцна адрозніваюцца. Але падручнік — толькі адзін са шматлікіх рэсурсаў у навучанні.

— У сучасным свеце праблем з ведамі няма: вучню дастаткова толькі некалькі разоў клікнуць мышкай — і ён будзе ведаць больш за свайго настаўніка, — дзеліцца сваімі думкамі Павел Марціноўскі. — Куды важнейшыя ўменні і навыкі, тым больш што патрабаванні да выпускнікоў імкліва змяняюцца.

Праўда, ёсць у такой аўтаноміі і свае мінусы: у выпадку змены школы, асабліва ў сярэдзіне навучальнага года, вучань можа аказацца ў складанай сітуацыі, паколькі праграмы не супадаюць: штосьці з вучэбнага матэрыялу ён увогуле яшчэ не праходзіў, а штосьці будзе вывучаць ужо другі раз. Вывучэнне той ці іншай тэмы можа не супадаць у розных школах нават па гадах вучобы... Толькі настаўнік вырашае, калі ён будзе са сваімі вучнямі яе праходзіць: у шостым класе ці ў сёмым.

 

 Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

«Падрастаючае пакаленне атрымлівае сёння інфармацыю пераважна з інтэрнэту, прычым у найбольшай ступені падлеткі схільны давяраць сваім сябрам, а гэта значыць, што яны атрымліваюць той блок навін штодня, які «фрэнды» перапосцілі ў сваёй стужцы ў сацыяльных сетках. Так фарміруецца іх бачанне свету. І гэта стала праблемай для традыцыйных СМІ, — лічыць Ян ЙІРАК, прафесар Інстытута камунікацыі і журналістыкі факультэта сацыяльных навук Карлавага ўніверсітэта. — Звычайна самыя важныя навіны ідуць у інфармацыйным блоку на тэлебачанні першымі, а ў газетах для іх адводзіцца першая паласа. Але што мы назіраем у сацыяльных сетках? Там на першы план выходзіць тое паведамленне, якое часцей за ўсё перапошчваецца. Яно разлятаецца па сеціве і становіцца найбольш важным. Таму даводзіцца канстатаваць, што традыцыйныя СМІ страцілі інструменты ўплыву на аўдыторыю. Ім вельмі праблематычна прыцягнуць увагу да сапраўды важных падзей».

Прафесар Ян Йірак: "Адказваць на пытанні школьнікаў бывае вельмі няпроста..."

Прафесар Ян Йірак: "Адказваць на пытанні школьнікаў бывае вельмі няпроста..."

Калі «гуру» — відэаблогеры

Ян Йірак — адзін са стваральнікаў канцэпцыі медыяадукацыі ў Чэхіі. Пачынаючы з 2006 года медыяадукацыя ўключана ў абавязковую вучэбную праграму ўсіх базавых школ і гімназій (з трэцяга года навучання). Кожная школа сама вырашае, як яна будзе рэалізоўваць медыяадукацыю: як асобны прадмет або як скразную тэму ў рамках розных прадметаў ці камбінаваць першае і другое.

— Дзеці ў сацыяльных сетках сутыкаюцца, як правіла, толькі з тымі, хто падзяляе іх думкі, і амаль не перасякаюцца з людзьмі, якія маюць іншае меркаванне. Псіхолагі ўжо звярнулі ўвагу на тую акалічнасць, што расце пакаленне людзей, якім складана будзе ісці на кампраміс. Яны выхаваныя на тых пастах у Фэйсбуку, якія са сваімі сябрамі ўзаемна лайкалі, — падкрэслівае прафесар. — Для дзяцей ва ўзросце 10—11 гадоў самыя вялікія аўтарытэты — гэта відэаблогеры на YоuTubе, з якімі яны сябе атаясамліваюць. Увогуле, канцэпцыя медыядукацыі распрацоўвалася ў Чэхіі яшчэ ў пачатку двухтысячных гадоў, да з'яўлення Фэйсбуку і іншых сацыяльных сетак. Але свет імкліва змяніўся. Дзеці сёння не чытаюць газет, а многія не глядзяць і тэлебачанне ці робяць гэта анлайн (зноў-такі ў інтэрнэце). Таму змест медыяадукацыі трэба пастаянна актуалізаваць. Яе задача — сфарміраваць крытычнае стаўленне да ўсіх медыя. Каб яны разумелі, на якіх прынцыпах заснаваны рух той ці іншай інфармацыі ў сацыяльных медыя, як на іх уплывае аўдыякантэнт і відэакантэнт, уздзейнічае рэклама.

Часцей за ўсё элементы медыяадукацыі ўкараняюцца на ўроках чэшскай, замежных моў, гісторыі, сацыяльных навук. Для прыкладу, на ўроках гісторыі педагогі могуць працаваць з картамі, карыкатурамі і... зборнікамі коміксаў, якія могуць сказаць нават больш, чым фота, а высвятленне пазіцыі стваральніка карыкатуры дазваляе вучням убачыць падзеі з розных бакоў, прааналізаваць розныя пункты гледжання, паглыбіцца ў адпаведны кантэкст гістарычнай эпохі. Ёсць школы, дзе ўдалося паспяхова ўключыць медыяадукацыю ў фізіку, геаграфію і выяўленчае мастацтва. Увогуле, як адзначае Ян Йірак, вельмі шмат залежыць ад асобы педагога і яго крэатыўнасці.

«Паедзем у Беларусь?»

У прыватнай гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін у Празе галоўным «ідэолагам» і «рухавіком» медыяадукацыі выступае намеснік дырэктара па педагогіцы, настаўнік чэшскай мовы і гісторыі Івана КЛАБАЛАВА-ВЕСЯЛКОВА. Установа адукацыі, у якой яна выкладае, рэалізуе праграму васьмігадовай, шасцігадовай і чатырохгадовай гімназіі. Гімназія фінансуецца як з дзяржаўных датацый, так і са сродкаў бацькоў, але па чэшсіх законах сродкі на аплату працы педагогаў выдзяляе толькі дзяржава. Бацькоўскія грошы на заробкі настаўнікам накіроўваць забараняецца — такім чынам педагогаў страхуюць ад сітуацыі, калі бацькі вучняў могуць заявіць, што плацяць ім заработную плату.

«Мы паедзем у Беларусь?». Урок гісторыі ў прыватнай гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін у Празе.

«Мы паедзем у Беларусь?». Урок гісторыі ў прыватнай гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін у Празе.

— Наша гімназія не самая дарагая — 45 тысяч крон у год (каля дзвюх тысяч еўра. — Аўт.). Для параўнання, ёсць у горадзе гімназіі, дзе плата даходзіць да 150 тысяч. Да таго ж сродкі можна ўносіць часткамі. А калі ў гімназіі вучыцца некалькі дзяцей з адной сям'і, мы зніжаем для іх плату, — тлумачыць Івана. — Школа для багатых — гэта не пра нас. За што бацькі гатовы плаціць? Мы можам гарантаваць невялікую напаўняльнасць класаў — каля 20 чалавек, а ў звычайных школах у класе можа быць адначасова да 33 вучняў (у Чэхіі фінансаванне школ залежыць ад колькасці навучэнцаў. — Аўт.). Плюс у нас ёсць спецыялізацыя: для вучняў, якія навучаюцца па васьмігадовай праграме, гэта паглыбленае вывучэнне замежных моў. Першая абавязковая — англійская, другая — іспанская ці нямецкая на выбар. А на пятым годзе навучання яны выбіраюць трэцюю мову (рускую ці французскую). Да таго ж з першага года некаторыя лёгкія прадметы, накшталт музыкі, выкладаюцца ў іх адразу на англійскай мове. На трэцім годзе навучання элементы англамоўнага навучання ўводзяцца на ўроках геаграфіі, а ў старшых класах гісторыя і міжнародныя адносіны выкладаюцца ўжо на англійскай мове.

У гімназіі працуе спецыяліст па міжнародных сувязях, які шукае партнёрскія школы ў розных краінах: Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, Балгарыі, Кітаі, ЗША. Школы абменьваюцца вучнямі. Гэта могуць быць як кароткатэрміновыя выезды, так і выезды на паўгода ці нават год. Ці варта здзіўляцца, што з'яўленне беларускіх педагогаў у школьным класе дзеці радасна ўспрынялі як сігнал: «Паедзем у Беларусь?!»

Поўнае паглыбленне

— Вядома, мы выконваем рамачную адукацыйную праграму, але разумеем, што ў дадатак павінны даць нашым вучням яшчэ штосьці, — расказвае настаўніца. — У нас дадатковая спецыялізацыя, адобраная міністэрствам адукацыі, — міжнародныя адносіны і РR. Палова педагогаў гімназіі рэалізуюць розныя нетрадыцыйныя методыкі навучання. У нас ёсць настаўнікі замежных моў, якія актыўна выкарыстоўваюць методыку гейміфікацыі. Сутнасць у тым, што вучні іграюць нейкую ролю ў прапанаваным сюжэце, навучанне адбываецца ў форме гульні і суправаджаецца сістэмай узнагарод — дзеці пераходзяць на наступны ўзровень. Напрыклад, вывучэнне тэмы прафесій на ўроках іспанскай мовы адбывалася наступным чынам: усе сталі ўдзельнікамі дэтэктыўнай гісторыі — адбылося злачынства, а падазраваныя — людзі самых розных прафесій. Пакуль гімназісты разбіраліся ў дэтэктыўным сюжэце, паралельна вывучалі лексіку, звязаную з прадстаўнікамі тых ці іншых прафесій і папаўнялі свой слоўнікавы запас.

Сама Івана практыкуе еdulаrр — ролевыя гульні з поўным паглыбленнем у прадмет вывучэння, зваротам да эмоцый і пачуццяў. Напрыклад, для вывучэння падзей Другой сусветнай вайны ў яе падрыхтавана гісторыя, дзе ў кожнага вучня ў класе свая роля. Ёсць там чэшская сям'я і чэшска-яўрэйская: яны спачатку сябруюць, а потым аддаляюцца адна ад адной. З разгортваннем гістарычных падзей кожны павінен рэагаваць на тое, што адбываецца. Пытанне ў тым, як менавіта рэагаваць. Гімназісты аказваюцца перад складаным маральным выбарам: як паступіць у той ці іншай сітуацыі, каб не страціць сваіх «блізкіх», але і не стаць «здраднікам». Гэта спрыяе развіццю эмпатыі — заглыбляе ва ўнутраны свет і эмацыянальны стан іншага чалавека.

Дапаможнік па медыяадукацыі, створаны Янам Йіракам і яго калегамі

Дапаможнік па медыяадукацыі, створаны Янам Йіракам і яго калегамі

Паміж сур'ёзным і бульварным

Да прыходу на цяперашняе месца працы Івана працавала ў гуманітарнай гімназіі, дзе медыяадукацыя выкладалася як асобны прадмет. Але такія выпадкі, хутчэй, выключэнне, часцей медыяадукацыя праходзіць як скразная тэма. У гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін акцэнт у медыяадукацыі зроблены на праектнае навучанне: першы гадавы праект рэалізуецца вучнем на першым годзе навучання (па-нашаму гэта шосты клас школы. — Аўт.), апошні — на апошнім. Напрыклад, у першы год ім прапануецца праект «Як разумець медыя?» На працягу навучальнага года яны ў рамках чэшскай, англійскай моў, грамадазнаўства, фізікі, выяўленчага мастацтва працуюць над рознымі задачамі: ствараюць плакат па гісторыі медыя, уласны рэкламны плакат, разбіраюць удзел медыя ў выбарчай кампаніі, асвойваюць стварэнне відэаролікаў і здымаюць свой, выкладваюць яго на відэахостынг, вучацца рабіць рэпартаж, на ўроках замежнай мовы працуюць з замежнымі СМІ. Вынікам з'яўляецца стварэнне газеты: дзелавой і бульварнай.

— Наколькі мы, настаўнікі, можам быць канкурэнтаздольныя ў дачыненні да YоuTubе? Самае правільнае, напэўна, гэта адштурхоўвацца ад вопыту нашых вучняў, — разважае Івана, — прапаноўваць ім тыя крыніцы інфармацыі, якімі яны карыстаюцца, каб падлеткі самі навучыліся аналізаваць праўдзівасць ці непраўдзівасць крыніц, да якіх яны звяртаюцца. Часта мы ўключаем у навучанне методыку крытычнага мыслення.

З улікам спецыфікі гімназіі яе выхаванцы вывучаюць правы і абвязкі грамадзяніна, ствараюць сваю партыю, праводзяць выбары, знаёмяцца з юрыдычнай сістэмай (наведваюць сапраўдны суд), са знешняй палітыкай Чэшскай Рэспублікі (едуць у Вену, у цэнтральны офіс Еўрапейскай камісіі), робяць сімуляцыю пасяджэння ААН. І ўсё гэта праз вывучэнне медыя.

Вынікі праекта «Як разумець медыя?» — створаныя школьнікамі бульварная і сур'ёзная газеты.

Вынікі праекта «Як разумець медыя?» — створаныя школьнікамі бульварная і сур'ёзная газеты.

На апошнім курсе гімназісты абараняюць свой праект перад камісіяй. Гэта нешта накшталт выпускной работы ў бакалаўрыяце. Тэму яны выбіраюць на аснове здзейсненых праектаў, ім прызначаюць навуковага кіраўніка. Атрымліваецца добрая рэпетыцыя перад дарослымі выпрабаваннямі.

Між іншым, пры паступленні ў гімназію (на чатырохгадовую, шасцігадовую і васьмігадовую праграму) усе прэтэндэнты здаюць экзамены. Два гады таму дзяржава вырашыла ўзяць гэты працэс пад свой кантроль. Таму па матэматыцы і чэшскай мове школьнікі здаюць цяпер дзяржаўны экзамен. А трэці экзамен гімназія, у залежнасці ад уласнай спецыялізацыі, устанаўлівае свой.

— У нашым статуце запісана, што карыстацца мабільным тэлефонам на ўроках забаронена, але асабіста я працую з мабільнымі тэлефонамі на занятках — вучу дзяцей рабіць гэта не толькі для забавы, а з карысцю і сэнсам, — адказвае Івана на пытанні беларускіх настаўнікаў. — Некаторыя педагогі ўстанаўліваюць на смартфоны навучальныя праграмы, а потым выкарыстоўваюць іх на сваіх уроках. Як мы выстройваем стасункі з бацькамі нашых вучняў? Імкнёмся ісці ім насустрач, прыслухоўваемся да іх, але даём зразумець, што мы спецыялісты ў сваёй галіне і робім сваю работу, у якой лепш за нас ніхто не разбіраецца...

Вынік праекта "Як разумець медыя?" — створанае партфоліа

Вынік праекта "Як разумець медыя?" — створанае партфоліа

Крыніца інфармацыі — твіты

Адной з самых паспяховых у рэалізацыі медыяадукацыі прафесар Ян Йірак лічыць пражскую гімназію на Затланцэ. Размова ідзе пра чатырохгадовую дзяржаўную гімназію, у якую паступаюць пасля заканчэння базавай школы (у 15 гадоў). Конкурс складае чатыры чалавекі на месца. Як паведамляецца на сайце гімназіі, тут рыхтуюць не толькі да працягу навучання, а да жыцця, таму вучаць, як правільна прадстаўляць сваю работу, ідэю, праект аўдыторыі, як дыскутаваць і весці перамовы, вучаць пошуку і крытычнаму аналізу крыніц інфармацыі, інтэрпрэтаваць тэксты розных відаў, пісаць работу ў адпаведнасці з універсітэцкімі крытэрыямі і патрабаваннямі.

— Ні ў якіх дакументах не прапісана, як павінен рэалізоўвацца медыяадукацыйны складнік. Медыяадукацыя ў нас прысутнічае на розных прадметах, — расказвае настаўніца чэшскай мовы Маркета ПЕЛЬЦОВА. — Нядаўна ў краіне прайшлі парламенцкія выбары, якія далі педагогам багатую глебу для работы на ўроку. Напрыклад, мы разам з вучнямі аналізавалі загалоўкі ў газетах, вывучалі перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, «твіты» Андрэя Бабіша (чэшскі бізнесмен, партыя якога выйграла выбарчую гонку. — Аўт.)... Калі ў гімназіі адбіралі кандыдата на пасаду настаўніка чэшскай мовы, перавагу аддалі таму, які пабудаваў свой паказальны ўрок на параўнанні розных відаў медыя. З трэцяга года навучання гімназістам прапануецца спецыялізаваны семінар «Свет медыя», які вядзе журналіст.

У гімназіі выходзіць электронны часопіс «Ластаўка» — ён стаў вынікам сумеснага праекта з прыродазнаўчым факультэтам Карлавага ўніверсітэта і арганізацыяй "Цікавая навука". Мэтай было распрацаваць праграму, якая спросціць вёрстку школьных электронных часопісаў, але разам з тым будзе нагадваць варыянт для прафесійных выданняў. Вялікім плюсам створанай праграмы з'яўляецца магчымасць працаваць анлайн — тады, калі з'яўляюцца вольны час і натхненне. Ад папяровых носьбітаў у гімназіі свядома адмовіліся, таму што падлеткі іх ужо не ўспрымаюць.

Лістападаўскі нумар будзе прысвечаны апошнім выбарам. Так вырашылі вучні, якія самі вызначаюць змест. «Калі падлеткі ў 15 гадоў цікавяцца палітычнай сітуацыяй у краіне, гэта вельмі добра, — дзеліцца сваімі меркавання педагог. — Таксама ў гэтым нумары будзе артыкул, прысвечаны Міжнароднаму дню студэнта, артыкул пра тое, як можна танна вандраваць аўтастопам. Абавязкова будзе рэцэнзія на спектакль. Ёсць у нас дзяўчына, якая выдатна малюе. Хтосьці захапляецца фатаграфіяй. Адна з вучаніц любіць тэатр і піша рэцэнзіі на новыя пастаноўкі. Якія яшчэ тэмы цікавяць падлеткаў? Іх хвалюе адаптацыя пасля базавай школы да патрабаванняў гімназіі, праблемы тайм-менджменту, цікавяць гутаркі з вядомымі людзьмі».

Ніхто перыядычнасць выхаду часопіса не ўстанаўлівае. Галоўны рэдактар, а яго ролю выконвае настаўнік, выдзяляе кожнаму аўтару электронную старонку, на якой той сам вярстае свой артыкул і падбірае ілюстрацыю (калі фота бярэцца з інтэрнэту, абавязкова павінна згадвацца крыніца). Вядома, куратар вучнёўскія тэксты рэдагуе, але без згоды аўтара на ўнесеныя праўкі тэкст не размяшчаецца. Галоўнае — не навязаць сваё меркаванне, а пераканаць юнага «журналіста».

У школьнай газеце гімназісты пішуць пра тое, што ім цікава.

У школьнай газеце гімназісты пішуць пра тое, што ім цікава.

Не шоу і не забава

Адна з самых важных падзей у гімназіі — Дні медыя. У першы дзень з 8.00 да 9.30 праходзяць паралельна чатыры заняткі, на якія запрашаюцца ў якасці гасцей прадстаўнікі СМІ: выдаўцы буйных газет, аўтарытэтныя журналісты друкаваных СМІ, інтэрнэт-выданняў, радыё, тэлебачання, спецыялісты ў рэкламнай галіне, спецыялісты па маркетынгу медыя і нават па фэйк-навінах. Кожны сам выбірае, каго ён хоча паслухаць і каму задаць свае пытанні. Затым іх змяняюць яшчэ чатыры спецыялісты. А школьнікі зноў выбіраюць...

— У нашых навучэнцаў павінна быць поўная карціна медыя — ад бульварнай прэсы да сур'ёзных СМІ. Імкнёмся навучыць іх адрозніваць розныя крыніцы інфармацыі для таго, каб яны паважалі сур'ёзных журналістаў і цанілі іх інфармацыю вышэй, — тлумачыць Маркета. — Мы вельмі доўга выбудоўвалі сетку кантактаў, якая сёння добра працуе. Журналісты, якія прыходзяць у гімназію, не атрымліваюць за гэта грошай, але яны робяць свой важны ўнёсак у медыяадукацыю.

Ян Йірак пастаянны госць гімназіі на Затланцэ. «Я тут сустракаю шмат сваіх сяброў, — смяецца ён. — Але Дні медыя — гэта не шоу і не забава. Дзеці заўсёды сур'ёзна рыхтуюцца да такіх сустрэч. Прызнаюся, што адказваць на пытанні школьнікаў бывае вельмі няпроста, гэта даволі стрэсавае мерапрыемства ...»

Другі дзень прысвячаецца наведванню гімназістамі рэдакцый, прэс-цэнтраў, агенцтваў навін, радыё, тэлебачання, інтэрнэт-выданняў. Апошні раз для наведвання было прапанавана дзесяць месцаў. А трэці дзень адводзіцца на рэфлексію. Гімназісты ацэньваюць эфектыўнасць сваіх сустрэч і выстаўляюць балы. Для педагогаў гэта інфармацыя вельмі карысная пры складанні праграмы наступных Дзён медыя. Магчыма, не ўсім з запрошаных гасцей удалося данесці да вучняў патрэбную інфармацыю.

Надпіс на сцяне ў гімназіі: "Калі даць чалавеку рыбу — ён будзе сыты адзін дзень. А калі навучыць лавіць — ён будзе сыты ўсё астатняе жыццё".

Надпіс на сцяне ў гімназіі: "Калі даць чалавеку рыбу — ён будзе сыты адзін дзень. А калі навучыць лавіць — ён будзе сыты ўсё астатняе жыццё".

Дарэчы, у першай палове наступнага года школьная інспекцыя плануе правесці маніторныг таго, як медыяадукацыя прадстаўлена ў школах і якімі кампетэнцыямі валодаюць вучні. Падрыхтавана анкета з 30 пытанняў, якія правяраюць, ці могуць школьнікі адрозніць звычайны тэкст ад рэкламы, ці ведаюць маніпуляцыйныя тэхнікі і гэтак далей. Ян Йірак усміхаецца: «Паверце, калі б нам з вамі прапанавалі гэты тэст, над многімі пытаннямі мы моцна задумаліся б...»

 

 

 

Твитнуть