У пятніцу ў Нацыянальнай акадэміі навук прэзентавалі Год навукі ў Беларусі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, старшыня ВАК Генадзь Пальчык, акадэмікі — сакратары ўсіх аддзяленняў акадэміі навук, вядучыя вучоныя краіны.

 “Сёння ў нашых вучоных няма дэфіцыту ідэй і немагчымых рашэнняў, ім па сілах усё, — адзначыў на прэзентацыі Года навукі старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Навука ў нашай краіне заўсёды была высокавыніковай, сёння яна адпавядае запытам часу, сусветным крытэрыям і максімальна інтэгравана ў эканоміку. Практычна 85% інвестыцый накіроўваюцца на даследаванні прыкладнога характару ў інтарэсах галін. У нас няма вынікаў, якія пыляцца на паліцы, усе яны эфектыўна выкарыстоўваюцца”.

 Уладзімір Гусакоў паведаміў, што за апошнюю пяцігодку навукоўцы выканалі больш за 7,5 тысячы дагавораў з рознымі заказчыкамі на стварэнне навукова-тэхнічнай прадукцыі. Падрыхтавана больш за тысячу інавацыйных праектаў. Навуковая сфера пераходзіць на кластарную арганізацыю. Пачалі працаваць створаныя на базе НАН міждысцыплінарныя навукова-даследчыя цэнтры і навукова-тэхналагічныя кластары пошукавага і стратэгічнага характару. Па найбольш запатрабаваных кірунках ствараюцца скразныя навукова-вытворчыя аб’яднанні. Напрыклад, нядаўна створаны навукова-тэхналагічны парк “БелБіяград” закліканы забяспечыць рэалізацыю поўнага цыкла — ад даследаванняў і распрацовак да вытворчасці навукаёмістай прадукцыі.

 На гэты час распрацаваны і знаходзіцца на зацвярджэнні Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года навукі. Як паведаміў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, гэта маштабны дакумент, у распрацоўцы якога прымалі ўдзел 33 міністэрствы і ведамствы. Ён уключае 13 раздзелаў, больш за 60 мерапрыемстваў. “Ідэя Года навукі ў тым, каб адлюстраваць увесь навуковы працэс — ад зараджэння ідэі да яе рэалізацыі, каб грамадства шанавала не толькі герояў спорту, але і навукоўцаў, дзякуючы якім пра нашу краіну ведаюць ва ўсім свеце”.

 Як мяркуецца, рэалізацыя гэтага плана будзе садзейнічаць развіццю айчынных навуковых школ, універсітэцкай і галіновай навукі, прымнажэнню навуковага патэнцыялу краіны і падтрымцы таленавітых маладых вучоных і спецыялістаў. Так, у 2017 годзе плануецца правесці знакавыя міжнародныя форумы: І сімпозіум “Навуковыя асновы беларускай дзяржаўнасці”, VІІ Беларускі касмічны кангрэс, І Беларускі філасофскі кангрэс “Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”, кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” і інш.

 “У 2017 годзе мы маем намер завяршыць ці істотна прасунуцца ў рэалізацыі наступных знакавых аб’ектаў: новы спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, электрарухавік і электрамабіль, стварэнне і адкрыццё палярнай станцыі ў Антарктыдзе, найноўшы суперкамп’ютар, здольны генерыраваць штучны інтэлект, агульнанацыянальная сістэма ідэнтыфікацыі тавараў, беспілотныя комплексы на новых крыніцах сілкавання, новыя маркі сталі для машынабудавання, новыя ўнікальныя лекавыя прэпараты, сістэмы лячэння ствалавымі клеткамі, ДНК-пашпартызацыя, у тым ліку ДНК-тэсціраванне спартсменаў, жанчын і дзяцей, палеанталагічны і мінералагічны цэнтр, сонечная энергетыка, дактрына харчовай бяспекі і г.д.”, — паведаміў Уладзімір Гусакоў.

 Дарэчы, лозунг Года навукі — “Год навукі — эканоміцы”.

 “Можа, у Беларусі і няма такіх прыродных багаццяў і такіх карысных выкапняў, як у іншых краінах, але Бог узнагародзіў нашу зямлю таленавітымі людзьмі і таленавітымі вучонымі, якіх ведаюць ва ўсім свеце, — заўважыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін. — Штогод у нашай краіне з’яўляецца 3—5 навацый сусветнага ўзроўню, новых для планеты. І выніковасць навукі расце. Калі на пачатку мінулай пяцігодкі ў рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм на 1 рубель укладзеных бюджэтных сродкаў мы мелі 18 рублёў інавацыйнай прадукцыі, то да канца пяцігодкі на 1 рубель — ужо амаль 48 рублёў. Гэта паказчык укладу навукі ў развіццё эканомікі”.

 Аляксандр Шумілін таксама расказаў, што ў 2017 годзе толькі ў рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм (іх 17 — і гэта прыкладна трэць ад усёй айчыннай навукі) плануецца больш як 1200 інавацый: 350 найменняў машын, абсталявання і прыбораў, 40 найменняў матэрыялаў і рэчываў, больш як 270 тэхналогій, больш як 40 лекавых сродкаў, больш як 450 праграмных прадуктаў. І гэта толькі тое, што заяўлена, праграмы адкрыты і яшчэ фарміруюцца.

 На прэзентацыі Года навукі адзначалася таксама вялікая роля фундаментальных даследаванняў.

 “Фундаментальныя даследаванні ва ўсім свеце — гэта ўжо даўно не простая цікаўнасць асобных людзей, а першая і самая танная фаза інавацыйнага працэсу. Тое, што робіцца ў лабараторыях у выглядзе пошукавых даследаванняў, праз 10—15 гадоў можа аказацца на канвеерах прадпрыемстваў”, — заўважыў старшыня Рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў акадэмік Сяргей Гапоненка.

 Пра найбольш цікавыя і значныя даследаванні ў розных галінах навукі расказалі акадэмікі — сакратары аддзяленняў НАН Беларусі. Напрыклад, акадэмік — сакратар аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Сяргей Усанаў паведаміў апошнія навіны аб рабоце 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі і нават паказаў невялікі відэаролік, дасланы нашымі даследчыкамі з белага кантынента.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 10 студзеня  2017 г. №2 (7908)
http://nastgaz.by

Твитнуть