3 якіх толькі трыбун у апошні час мы не чуем гэтае спалучэнне слоў — "прэстыж педагагічнай прафесіі"! Што ж такое прэстыж? Згодна з Вікіпедыяй, "прэстыж — вядомасць каго-небудзь або чаго-небудзь, заснаваная на высокай ацэнцы і павазе грамадства".

Прафесія настаўніка даволі вядомая. Але ці дастаткова высока яе цэняць у грамадстве? Чаму раптам пра гэта так многа гавораць? На шчасце, не толькі гавораць, але і робяць. Мы ўжо назіраем педагагічныя класы ў школах, у педагагічныя ўніверсітэты ідзе "залатая" моладзь (медалісты)... I гэта радасна. Па словах рэктара БДПУ імя Максіма Танка, "прэстыж педагагічнай прафесіі значна расце" ("Настаўніцкая газета" ад 04.08.2016).

На жаль, так устроены чалавек. Не шануе тое, што мае, а потым з цяжкасцю аднаўляе страчанае. Так і ў гэтым выпадку. Калі "ціхія троечнікі", скончыўшы педагагічныя ВНУ, прыйшлі ў школу, грамадства ахнула. А ці не мы самі справакавалі такую сітуацыю? Дзе наша самалюбства і самапавага? Што б ні загадалі настаўніку, ён "пад казырок" і наперад. Нават не падумаўшы, ці ў яго гэта кампетэнцыі. Наведванне сем'яў, дровы, халадзільнікі, разеткі... А як наконт "людзьмі звацца"? Калі мы і далей будзем цягнуць на сабе не ўласцівыя нам абавязкі, то ні пра які прэстыж гаварыць не даводзіцца.

Настаўнік павінен вучыць! Вучыць так, каб дзеці не хацелі сыходзіць з твайго ўрока. А не адбываць 45 хвілін пакарання. Або 2 гады адпрацоўкі... Вось тады пра цябе загавораць, да цябе пацягнуцца. I гэта залежыць ад кожнага з нас.

Не сказаць пра дастатак настаўніка, узнімаючы пытанне аб прэстыжы прафесіі, нельга. У якой яшчэ галіне спецыяліст траціць столькі са свайго бюджэту на арганізацыю сваёй жа працы! Замкнутае кола! Зарабляю і трачу на гэтую ж работу? Лічу, варта перагледзець арганізацыю рабочага месца настаўніка. Дзяржава прапаноўвае крэдыты, каб сабраць дзяцей у школу. Няхай бы прапанавалі штосьці і самім школам. Бо былі раней кабінеты не толькі фізікі, біялогіі... (зараз паступова ідзе іх аснашчэнне), а і ў пачатковай школе. Зараз усё робіць настаўнік і, калі пашанцуе, бацькі. А як будуць гаварыць пра настаўніка, які ўсё просіць у бацькоў? Спонсарства — гэта добра, але ў меру.

А колькі мужчын сыходзіць са школы, таму што не могуць забяспечыць сям'ю на настаўніцкую зарплату. I школа ператвараецца ў жаночае царства. I гэта няправільна. Як выправіць сітуацыю? Гэта ўжо не ў нашых сілах. Адзінае, што можам мы, гэта павышаць кваліфікацыю, тым самым павялічваючы свой заробак. I, як разумееце, прыходзіць усё з гадамі, а не адразу.

Але не ўсё ў жыцці вымяраецца грашамі. Настаўнік — гэта той, ад каго залежыць будучыня дзяржавы. Менавіта ён першы падыходзіць да фарміравання асобы ў соцыуме. Тут ёсць пра што падумаць.

Нягледзячы на ўсё гэта, у нас ёсць сапраўдныя Настаўнікі! Іх вопыт бясцэнны. 3 імі і варта знаёміць студэнтаў педагагічных ВНУ. Такія сустрэчы практыкуюцца, але недастаткова шырока. Здорава наладжана такая работа ў Мінскай і Гродзенскай абласцях. Фестывалі для маладых спецыялістаў сталі там традыцыяй. I, гледзячы, як гараць вочы ўдзельнікаў фестывалю, верыш, што наша прафесія стане паважанай у грамадстве. I няхай не будуць, як у ранейшыя часы, перад намі шапку знімаць, але і ўхмыляцца ўслед усё ж перастануць.

Віталіна ПАПКОВІЧ, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі, настаўнік-метадыст.  

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад 25 жніўня 2016 г. 

Твитнуть