Прамая лінія з удзелам спецыялістаў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адбылася ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”. На пытанні чытачоў адказвалі галоўны прававы інспектар працы Ларыса Васільеўна Манюк, галоўны тэхнічны інспектар Марына Леанідаўна Лясун, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Валянціна Рыгораўна Герасімовіч і загадчык аддзела арганізацыйнай работы Аксана Уладзіміраўна Васілевіч. Каля 40 пытанняў паступіла на прамую лінію па тэлефоне і электроннай пошце. Пачынаем друкаваць гэтыя пытанні і адказы на іх.

 — Добры дзень! Мяне як кіраўніка ўстановы цікавіць, ці можа праводзіцца пазачарговая праверка ведаў педагогаў па ахове працы, калі ў школе не зафіксаваны парушэнні.

М.Л.ЛЯСУН:

— У адпаведнасці з заканадаўствам, праверку ведаў па ахове працы кіраўнікі і спецыялісты (педагогі адносяцца да гэтай катэгорыі) абавязаны праходзіць не пазней за месяц з дня прызначэння на пасаду і перыядычна ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, але не радзей за адзін раз у тры гады.

Праверка ведаў педагогаў праводзiцца з улiкам iх службовых абавязкаў, а таксама патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, выкананне якіх уваходзіць у службовыя абавязкі настаўнікаў.

Згодна з патрабаваннямі артыкула 91 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагогі нясуць адказнасць за ахову жыцця і здароўя навучэнцаў і стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. У сувязі з гэтым у пералік пасад кіраўнікоў і спецыялістаў, якія павінны праходзіць праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў школе, наймальнік абавязаны ўключыць усіх педагогаў, якія ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе.

Пазачарговая праверка ведаў настаўнікаў па пытаннях аховы працы праводзiцца не толькі ў выпадку, калі ў школе зафіксаваны парушэнні, яна праводзіцца таксама ў наступных выпадках:

— пры пераводзе педагога на іншае месца працы ці прызначэнні яго на пасаду, дзе патрабуюцца дадатковыя веды па ахове працы (напрыклад, калі настаўнікі ў час школьных канікул прызначаюцца на пасады выхавальнікаў у лагеры з дзённым знаходжаннем);

— пры прыняцці актаў заканадаўства, што змяшчаюць патрабаванні па ахове працы, выкананне якіх уваходзіць у службовыя абавязкі педагогаў;

— па патрабаванні спецыяльна ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў нагляду і кантролю;

— па рашэнні кіраўніка арганізацыі або іншай службовай асобы, адказнай за арганізацыю аховы працы, пры выяўленні парушэнняў патрабаванняў па ахове працы або іх няведанні, што магло прывесці ці прывяло да няшчаснага выпадку на вытворчасці;

— пры перапынку ў працы на гэтай пасадзе больш за ад зін год.

— Працую вартаўніком у вясковай школе. Хачу ўдакладніць, як павінна быць абсталявана маё працоўнае месца.

М.Л.ЛЯСУН:

— Працоўнае месца вартаўніка павінна знаходзіцца побач з уваходнымі дзвярамі школы і абсталявана сталом і крэслам. Акрамя таго, у адпаведнасці з заканадаўствам з мэтай стварэння належных умоў працы для тэхнічнага персаналу, у тым ліку вартаўніка, наймальнік абавязаны выдзеліць санітарна-бытавое памяшканне ў школе і абсталяваць яго шафамі для пераапранання ў спецыяльную вопратку і абутак, а таксама стварыць умовы для прыёму ежы.

— Скажыце, калі ласка, ці магу я атрымліваць якія-небудзь даплаты, калі ў гэтым годзе страціла статус маладога спецыяліста? Кваліфікацыйнай катэгорыі ў мяне яшчэ няма, працую ў Мінску.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Педагагічным работнікам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі два гады па размеркаванні (пераразмеркаванні), накіраванні (наступным накіраванні) на працу і якія працягваюць працаваць на ўмовах заключаных працоўных дагавораў (кантрактаў), на працягу наступнага аднаго года прадугледжаны штомесячныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2017 года № 48 “Аб унясенні змянення ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2009 года № 86”).

— Турбуюць вас з Баранавіч. Пытанне такое: ці сочыць прафсаюз за эксперыментам па падушавым фінансаванні, як вы яго ацэньваеце? Мне здаецца, што ён вельмі ўдалы і пара ўводзіць яго паўсюдна.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— У мэтах удасканалення бюджэтнага фінансавання, павелічэння заработнай платы педагагічных работнікаў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ў галіне трэці год рэалізоўваецца пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі. Ён знаходзіцца на кантролі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адпаведных органаў кіравання адукацыяй, Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза і арганізацыйных структур. У рамках рэалізацыі гэтага праекта пры Цэнтральным камітэце галіновага прафсаюза створана рабочая група.
У красавіку бягучага года ЦК правёў маніторынг ва ўстановах адукацыі, у якіх ажыццяўляецца эксперымент. Яго вынікі разгледжаны ў маі на пасяджэнні прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі. Адзначаны станоўчыя бакі эксперымента: эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных, кадравых, кіраўніцкіх і фінансавых рэсурсаў, павышэнне зацікаўленасці ўдзельнікаў эксперымента ў выніках сваёй дзейнасці, магчымасць дыферэнцыяцыі іх заработнай платы.

(Працяг будзе.)

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" №112 (8018) ад 7 кастрычніка 2017 г.

 

Твитнуть