Працую настаўніцай 27 гадоў. I мне падабаецца гэтая работа, да якой стаўлюся як да прэстыжнай справы. Можа таму, што выбар быў усвядомленым. Выбар як дзіцячая мара, якая спраўдзілася. Выбар як шчырае жаданне быць карыснай. Пафас? Для мяне — не. Беражліва захоўваю дома томік апавяданняў А.П.Чэхава. У пятым класе атрымала яго ў падарунак ад сваей настаўніцы рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе N91 гарадскога пасёлка Дуброўна. Лілія Сямёнаўна Ждановіч для мяне падпісала гэтую кнігу. Яе светлае пажаданне "Няхай будзе будуныня твая цудоўнай высакароднымі справамі" яшчэ ў дзяцінстве падтрымала імкненне быць у гэтай прафесіі, быць паспяховым і выніковым педагогам. У маім лёсе было многа цудоўных Настаўнікаў. Яны вартыя памяці і павагі! На жаль, Лілія Сямёнаўна з тых, каго ўжо няма побач з намі. Але яе пажаданне як каштоўнасны жыццёвы арыенцір і цяпер дапамагае сустракаць на шляху цікавых, яркіх асоб, прыслухоўвацца да іх меркавання, параўноўваць сваю пазіцыю з іншымі.

Напярэдадні новага навучальнага года ў некаторых сваіх знаёмых, прадстаўнікоў розных прафесій, я пацікавілася: "Ці прэстыжна зараз быць настаўнікам?" Вось некаторыя пункты гледжання.

Творча адораная Наталля Чарнякова, музыкант, фота і радыёжурналіст, упэўнена, што добры педагог сам у стане павышаць свой прэстыж тым, што будзе не толькі вучыць, "даваць" свой прадмет, але і пераканаўча ўплываць на погляды падлеткаў. Настаў час новых дзяцей, адпаведна патрэбны "новыя" педагогі. Настаўнік-прафесіянал павінен спалучаць у сабе розум даследчыка, перакананасць палітыка, вытрымку разведчыка, гібкасць дыпламата і талент акцёра.

Мастак Андрэй Духоўнікаў (у мінулым настаўнік, а зараз дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва) — прыхільнік рацыянальнага падыходу, які заключаецца ў тым, што для павышэння прэстыжу трэба прад'яўляць большую патрабавальнасцьда настаўніка як інтзлектуала. Калі людзі любой прафесіі разумныя і прафесійныя, гэта выклікае павагу ў грамадстве. Таксама лагічным бачыцца ўвядзенне рэйтынга выніковасці педагогаў, які будзе ўлічвацца пры налічэнні прэмій, вызначэнні сацыяльных ільгот і дабаўленні пэўнага каэфіцыентадапенсій.

Спецыяліст ААТ "Белгазпрамбанк" Раман Мацюшэнка ўдакладніў: "А што такое прэстыжнасць? Гэта значнасць, прывабнасць, якая прыпісваецца ў грамадскай свядомасці розным бакам дзейнасці людзей. Ці можа быць прэстыжнай прафесія, у якой ты бываеш неабароненым ад нападкаў бацькоў? Яны часта незадаволены вынікамі навучання сваіх дзяцей".

Кацярына Мяснікова, член Беларускага саюза мастакоў, выказала няёмкасць за пазіцыю некаторых бацькоў, якія перакладаюць адказнасць за выхаванне дзяцей на педагогаў. Такія бацькі бываюць шчыра ўпэўнены, што школа павінна ім выдаць гатовы, зручны, чысценькі прадукт у выглядзе Чалавека.

Малады віцебскі прадпрымальнік Настасся Агеенка разважае аб тым, што прэстыжнасць бывае звязана з колькасцю ўзнагарод і рэгалій, з месцам, дзе чалавек працуе. Гэта значыць быць дэканам факультэта Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін — так, прэстыжна, выкладаць у Гарвардзе — увогуле супер. А быць настаўнікам у простай школе (прычым у любой краіне) — гэта дакладна не пра прэстыжнасць. Быць настаўнікам значна для тых, хто разумее, якая гэта праца і пастаянная, карпатлівая работа над сабой. Але хачу заўважыць, што мая работа зусім не лягчэйшая за настаўніцкую. I, з'яўляючыся прадстаўніком бізнес-суполкі, лічу, што быць кіраўніком нават невялікага бізнесу адназначна больш прэстыжна.

Інтэлігентная Ларыса Рагачова, загадчык адцзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі, сцісла і са смуткам заўважыла, што бібліятэкарам быць яшчэ больш непрэстыжна. А вось прыклад паважлівых адносін да настаўніка, да прадстаўнікоў некаторых іншых прафесій маглі б падаваць кіраўнікі рознага ўзроўню.

Педагог дашкольнай і пачатковай адукацыі таленавіты фотамастак Марына Лошчанка эмацыянальна і шчыра дадала: "Настаўнік і ўрач — гэта людзі, якім давяраюць самае дарагое — жыццё. Падтрымка дзяржавы фарміруе ацэнку прэстыжу паступлення ў педагагічныя ВНУ. Выбар прафесіі настаўніка зараз часцей выглядае як геройства. Але, бадай, ні ў якой іншай прафесіі няма такой магутнай маральнай і эмацыянальнай аддачы, якая атрымліваецца ў адказ".

Юрыст мінскай кампаніі ў сферы гандлю і паслуг Марыя Пашкоўская, мякка ўсміхнуўшыся, задумалася: "Настаўнікі — гэта як мама і тата, толькі ў школе. Мне пашанцавала з настаўнікамі, якія ведалі ўсё і маглі адказаць на любое пытанне, рашыць складаную задачу, расказаць унікальную гісторыю, гісторыю мінулага, якая фарміруе сучаснасць. У працэсе нашага сталення настаўнікі адкрываліся ў новых іпастасях, быццам чараўнікі, якія становяцца мудрэйшымі і цікавейшымі. А ў нас за плячыма — ужо свой вопыт і адносіны, якія называюцца класамі: першы, пяты, такі важны дзявяты і выпускны адзінаццаты. Зараз я ўпэўнена, што педагогі — гэта інтэлектуальная эліта. Гэта акно, якое пашырае кругагляд і напаўняе свет сэнсам. Педагог дапамагае разабрацца ў пытаннях мінулага, знайсці вырашэнне праблем, якія могуць узнікнуць пазней, дазваляе вызначыцца са сваім месцам у сучасным. Тут і цяпер".

Бухгалтер у адной з камерцыйных кампаній Марына Навасёлава думае, што прафесія настаўніка непрэстыжная. Хіба толькі ў сельскай мясцовасці, таму што раніцай трэба ісці не на ферму, займаючыся цяжкай фізічнай працай, а ў чыстыя класы да вучняў. "Я ведаю цудоўных настаўнікаў, паважаных людзей. Але без належнай зарплаты яны так і застаюцца настаўнікамі, якімі быць непрэстыжна, таму што іх веды і ўменні з цяжкасцю кормяць іх саміх і іх блізкіх".

У міжнароднай юрыдычнай фірме працуе Мікалай Арцем'еў, мой былы вучань, з якім мы рыхтаваліся і які перамагаў на прадметных апімпіядах па грамадазнаўстве. "Для мяне прафесія настаўніка — адна з самых важных, таму што настаўнік, акрамя бацькоў, закладае асновы светапогляду і фарміруе асобу. Так было і ў маім жыцці, за што бязмерна ўдзячны настаўнікам гімназіі № 1 Віцебска, якія адкрылі для мяне дарогу ў жыццё. Прэстыжнасць той ці іншай прафесіі вызначаецца соцыумам. Сёння прэстыж работы настаўніка пад пытаннем. Сведчанне гэтага — масавая "міграцыя" высокакваліфікаваных кадраў з прафесіі. Справа, на мой погляд, у тым, што каштоўнасць гэтай прафесіі сёння нівеліравана ва ўсім свеце ў сувязі з развіццём інфармацыйных тэхналогій, глабальных сетак (капі большасць ведаў, як некаторым здаецца, можна атрымаць самастойна). Яшчэ адна з праблем — нестабільнасць сістэмы адукацыі, яе пастаяннае рэфармаванне. Гэта негатыўна адбіваецца на высакароднай прафесіі", — заўважыў Мікалай.

Не ведаю, як вам, а мне было цікава пазнаёміцца з думкамі і ацэнкамі яркіх сталых асоб. Яны ўпэўненыя, адкрытыя і неабыякавыя, разумныя і працавітыя. Людзі з добрай адукацыяй, якая мае значэнне. Яны, прадстаўнікі розных прафесій, як і настаўнікі, дапамагаюць фарміраваць сучаснасць і цудоўную будучыню сваімі высакароднымі справамі. I сваімі жыццёвымі гісторыямі, перамогамі і рацыянальнымі сумненнямі, сфарміраванымі, спадзяюся, у тым ліку і з дапамогай педагогаў, паказваюць і даказваюць, што прафесія настаўніка каштоўная і можа быць прэстыжнай, нягледзячы ні на што.

Алена КУНАШКА, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Віцебска, настаўнік-метадыст.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" ад 25 жніўня 2016 г.   

Твитнуть