Да Дня моладзі.

23 чэрвеня на базе інтэрната Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў студэнцкай вёсцы адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел старшыня ЦК галіновага прафсаюза Аляксандр Бойка, намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык, кіраўнікі арганізацыйных структур галіновага прафсаюза, старшыні прафсаюзных арганізацый устаноў вышэйшай адукацыі сталіцы.

Месца правядзення было выбрана невыпадкова. У рамках рэалізацыі рэзалюцыі VII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Аб маладзежнай палітыцы прафсаюзаў» удзельнікі пасяджэння разгледзелі пытанне аб студэнцкіх інтэрнатах.

Студэнцкая вёска пачала сваю гісторыю 19 чэрвеня 2008 года. Менавіта ў гэты дзень Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу ў падмурак першага будынка. Інтэрнат №11 БДУ ўзводзіла каля тысячы чалавек, у тым ліку і самі студэнты. Ён стаў першым у рэспубліцы інтэрнатам з сучаснай планіроўкай кватэрнага тыпу (на два пакоі ў блоку пяць чалавек, кухня, санвузел і душавая). Першымі жыхарамі інтэрната, разлічанага на 1030 месцаў, сталі студэнты юрыдычнага факультэта і факультэта міжнародных зносін БДУ.

Усяго комплекс Студэнцкай вёскі налічвае 8 інтэрнатаў. Сем з іх ужо пабудаваныя. У іх пражываюць студэнты Белдзяржуніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М.Танка, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Восьмы інтэрнат у працэсе будаўніцтва.

Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу размешчаны філіял 33-й студэнцкай паліклінікі (да якой раней даводзілася дабірацца праз увесь горад), сталовая, кафэ, яслі-сад для дзяцей жыхароў вёскі, пункты бытавога абслугоўвання, крыты каток, гандлёвы цэнтр і іншыя аб’екты. Што немалаважна побач з вёскай знаходзіцца станцыя метро «Пятроўшчына», дзякуючы чаму трапіць у любую кропку горада стала магчымым за лічаныя хвіліны.

— Падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў Мінску ў студэнцкай вёсцы размяшчалася «фан-зона». Замежныя госці былі ўзрушаны тым камфортам, у якім жыве беларускі студэнт. Зласліўцы тым часам казалі, што ўсё гэта “паказуха”, спецыяльна створаная да чэмпіянату. Але чэмпіянат прайшоў, а студэнты як жылі, так і жывуць у цудоўных умовах пабудаванай выключна для іх вёскі. І тут я цалкам згодны з міністрам адукацыі Беларусі Міхаілам Жураўковым, які аднойчы сказаў, што яшчэ трэба пашукаць такую краіну, якая б гэтак жа клапацілася пра студэнцтва, як Беларусь, — сказаў старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. Ён падкрэсліў, што ні адно пытанне, якое тычыцца студэнтаў, не вырашаецца без уліку меркавання студэнцкага прафкама: стыпендыі, аздараўленне, харчаванне, сацыяльныя пытанні асобных катэгорый студэнтаў і інш.

Не сакрэт, што для многіх студэнтаў пытанне прадастаўлення жылога памяшкання ў інтэрнаце звязана з магчымасцю працягу навучання ў адпаведнай установе адукацыі. Менавіта таму ў 2015 годзе ЦК галіновага прафсаюза распрацаваў рэйтынг ўстаноў адукацыі ў частцы такой забяспечанасці па выніках 2014 года. Ён паказвае як на працэнт забяспечанасці, так і абсалютныя лічбы дэфіцыту месцаў для пражывання. Такі рэйтынг дазваляе іншагароднім абітурыентам сарыентавацца ў выбары ўстановы адукацыі для атрымання адпаведнай спецыяльнасці з улікам наяўнасці жылой плошчы ў інтэрнатах. З дапамогай галіновага прафсаюза сёння таксама ліквідавана пагроза істотнага павышэння памеру платы за карыстанне жылымі памяшканнямі ў інтэрнатах дзяржаўных устаноў адукацыі для студэнцтва.

У сваім выступленні старшыня Савета прафкамаў студэнтаў УВА Міхаіл Барэйша паведаміў, што ступень удзелу першасных прафсаюзных арганізацый у кожнай асобнай навучальнай установе можа адрознівацца, аднак у той ці іншай ступені ППА навучэнцаў ВНУ працуюць у вырашэнні жыллёва-бытавых пытанняў членаў прафсаюза па наступных напрамкаў: удзел у распрацоўцы ўнутраных нарматыўных дакументаў (“Правіл унутранага распарадку ў студэнцкіх інтэрнатах”, “Палажэння аб парадку засялення навучэнцаў у інтэрнаты студэнцкага гарадка”, “Палажэння аб жыллёвых камісіях” і г.д.), інфармаванне вышэйстаячых прафсаюзных арганізацый аб жыллёва-бытавых праблемах, якія патрабуюць вырашэння на гарадскім або рэспубліканскім узроўні, работа ў складзе жыллёва-бытавой камісіі ВНУ, жыллёва-бытавых камісій факультэтаў прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый навучэнцаў.

Намеснік Міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык у сваім выступленні перад удзельнікамі пасяджэння адзначыў асноўныя кірункі маладзёжнай палітыкі ў сумеснай рабоце сацыяльных партнёраў.

— Сёлета ўся наша работа праходзіць пад эгідай года моладзі, 70-годдзя вялікай Перамогі, года важных грамадска-палітычных падзей. У гэтым годзе міністэрствам адукацыі запланавана распрацоўка і прыняцце стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліке Беларусь да 2020 года, прапаноў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, канцэпцыі і праграмы развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на найбліжэйшую пяцігодку, канцэпцыі развіцця студэнцкага самакіравання і шэраг іншых лакальных дакументаў. Прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні і падрыхтоўцы гэтых дакументаў. Іх прыняцце дасць новы імпульс і стане падмуркам для далейшага развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, каардынатарам якой з’яўляецца міністэрства адукацыі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык. — Пры абмеркаванні ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс нашу краіну наведалі разнастайныя еўрапейскія дэлегацыі высокага ўзроўню для вывучэння пытання аб студэнцкім самакіраванні, яго наяўнасці, разгалінаванасці, дзейнасці і г.д. Падводзячы вынікі гэтых візітаў нават тыя, хто прыязджаў настроены вельмі скептычна, казалі, што недахопы ў нашых установах адукацыі не знайшлі. Дарэчы, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш 22 чэрвеня ў Браціславе падпісаў пагадненне з краінамі Вышаградскай групы Еўрапейскага саюза аб супрацоўніцтве ў галіне маладзёжнай палітыкі. Калі гаварыць пра наш міжнародны статус, то гэта таксама можна лічыць дасягненнем.

Па прыведзенай на пасяджэнні статыстыцы забяспечанасць студэнтаў ВНУ месцамі ў інтэрнатах сёння складае 79% па краіне і 76,4% па Мінску. Для параўнання ў 2011 годзе гэтыя лічбы былі 68% па краіне і 55% па Мінску.

— Калі чую, што “на жаль, усяго толькі 79%”, то задаюся пытаннем, а ці трэба нам імкнуцца да 100% забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнатах? Лічу, што магчымасць мець месца ў інтэрнаце — нядрэнны стымул для таго, каб студэнты падцягвалі сваю паспяховасць. Прывяду прыклад усё таго ж Балонскага працэсу. Не ва ўсім нам трэба на яго раўняцца. У 2008 годзе з сацыяльных стандартаў Балонскага працэсу забяспечанасць жыллём студэнтаў была ўвогуле выключана. Калі браць прыклады іншых краін, то ў Грузіі ўсе інтэрнаты ВНУ аддадзены ў камунальны фонд. У Літве інтэрнаты ўвогуле не запоўнены, паколькі там ніхто не хоча плаціць 100% за камунальныя паслугі, больш выгадна студэнту здымаць кватэру. У некаторых краінах пад рэкламай бясплатнай адукацыі маецца на ўвазе абавязковая аплата жылля самім студэнтам. Гэтыя даныя я прыводжу не для таго, каб нам раўняцца на гэтыя стандарты, а да таго, каб беларускі студэнт ведаў пра тое, якое вялікае сацыяльнае дабро ён сёння атрымлівае ад дзяржавы, пражываючы ў інтэрнаце. Асабліва ў такім сучасным і прыгожым, як у студэнцкай вёсцы.

Марына ДЗМІТРЫЕВА.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 27 чэрвеня 2015 года №№76-77

 

Твитнуть