Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта пра новае галіновае пагадненне і дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі.

Апошнім часам, акрамя клопатаў, звязаных з работай пярвічкі, Валерый Аляксандравіч Сметкін актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы галіновага пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады, што было падпісана нядаўна.

Валерый Аляксандравіч Смёткін з тых рэдкіх людзей, чыё жыццё на працягу многіх гадоў і нават дзесяцігоддзяў звязана з адной установай, адным месцам работы. Зрэшты, не толькі работы, але і вучобы. Калісьці цяперашні старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (на гэтай пасадзе ён з 2009 года) быў студэнтам навучальнай установы, потым выкладаў тут (і дагэтуль выкладае), каля паўтара дзясятка гадоў з'яўляўся прарэктарам па вучэбнай рабоце і сацыяльных пытаннях універсітэта. Так што вырашаць пытанні сацыяльнай накіраванасці яму не прывыкаць.

Акрамя ўсяго іншага, В.А.Смёткін — член галіновага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, а таксама старшыня Савета старшынь устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

— Разам з работнікамі Цэнтральнага камітэта прафсаюза мы фарміравалі дапаўненні і змяненні ў новае пагадненне, узгаднялі іх у Міністэрстве адукацыі, — расказвае мой суразмоўца. — Я не ўпершыню ўдзельнічаю ў такой рабоце, на гэты раз, як мне здаецца, яна склалася асабліва плённа. Напрыклад, у новым галіновым пагадненні намальнікам рэкамендуецца ў калектыўных дагаворах устаноў адукацыі ўстанаўліваць штомесячныя ўзнагароджанні са сродкаў матэрыяльнага стымулявання або пазабюджэтных сродкаў у памеры дзвюх базавых велічынь работнікам, якія маюць ганаровыя званні "Заслужены настаўнік Рэспублікі Беларусь", "Заслужены трэнер Рэспублікі Беларусь" і г.д.

Ёсць, канечне, і іншыя змены ў новым дакуменце. Так, рэкамендавана ўключаць у калектыўныя дагаворы (пагадненні) нормы па адлічэнні наймальнікамі сродкаў прафсаюзным арганізхацыям правядзенне культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў, навагодніх ёлак, патаннення кошту дзіцячых падарункаў, іншых сацыяльна значных мэт не менш за 0,15% ад фонду заработнай платы з пазабюджэтных сродкаў пры іх наяўнасці. У калектыўны дагавор работнікаў БНТУ названыя і іншыя нормы будуць абавязкова ўнесены, прычым у хуткім часе, бо новы калдагавор плануецца прыняць у маі. А крыху раней прафарганізацыя нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта першай у краіне ўнесла ў свой дагавор пункты, якія спрыяюць замацаванню маладых спецыялістаў. I гэтыя рашэнні працуюць, нездарма іх ужо перанялі многія іншыя УВА краіны. Гаворка ідзе пра магчымасць аднаразовых надбавак маладым супрацоўнікам на працягу першых трох гадоў працы пасля завяршэння навучання па першай ступені вышэйшай адукацыі або паслядоўна — па першай і другой ступенях, а таксама ў аспірантуры пры прыёме на работу ў БНТУ. Маецца на ўвазе павышэнне тарыфнага акладу на 7%, павышэнне па кантракце да 50%, надбаўка за складанасць работы да 100%. Гэта ўсё ўласныя сродкі навучальнай установы.

— Яшчэ адзін надзвычай важны момант для замацавання маладых кадраў — гэта будаўніцтва нашай пляцоўцы арэнднага жылога комплексу "Магістр", — заўважае В.А.Смёткін. — Там і інтэрнаты нашы знаходзяцца, і многія факультеты побач. А ў "Магістры" супрацоўнікі ўніверсітэта за паўтара года атрымалі 48 кватэр. У першую чаргу туды пайшлі жыць кандыдаты навук, моладзь. Арэнднае жыллё ў Мінску — справа вельмі добрая і карысная.

З 2010года да Дня маці мнагадзетныя сем'і супрацоўнікаў БНТУ атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ад ўніверсітэта, пры гэтым члены прафсаюза — і ад прафсаюзнай арганізацыі. Прычым, калі ў БНТУ працуюць і маці, і бацька з мнагадзетнай сям'і, дапамога выдаецца абаім. Летась яе атрымалі 59 сем'яў на 183 дзіцяці. Цікава, што адна сям'я супрацоўніка ўніверсітэта выхоўвае пяцярых дзяцей, чатыры сям'і — чацвярых, астатнія — па трое малых.

Заўважу, што колькасны склад супрацоўнікаў ўніверсітэта інакш як арміяй не назавеш, бо гэта ледзь не 6,5 тысячы чалавек. 3 іх больш за 93% стаіць на ўліку ў прафсаюзнай арганізацыі, у тым ліку 512 непрацуючых пенсіянераў. 3 1 студзеня гэтага года ў склад прафарганізацыі ўвайшлі і 7 прафсаюзных арганізацый філіялаў БНТУ — трох мінскіх і чатырох рэгіянальных каледжаў. Акрамя таго, напрыканцы 2015 года тут стварылі дзве новыя цэхавыя арганізацыі ў інстытутах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ, а таксама аб’яднаную арганізацыю філіяла ўніверсітэта “Навукова-даследчая частка”.

Я невыпадкова адзначыла колькасць непрацуючых пенсіянераў, якія з'яўляюцца членамі прафарганізацыі. На іх распаўсюджваюцца ўсе ўмовы калектыўнага дагавора з боку прафсаюза. Людзі атрымліваюць і матэрыяльную дапамогу, калі захварэлі, і грошы да юбілею, і скідкі ў санаторый-прафілакторый і г.д. У санаторыі-прафілакторыі навучальнай установы на працягу навучальнага года адпачываюць студэнты, і асаблівая ўвага ўдзяляецца тым з іх, хто стаіць на дыспансерным уліку. Адзначым, што ў вучэбны час на заняткі маладых людзей падвозіць транспарт ўніверсітэта.

Гаварыць пра дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БНТУ яе кіраўнік можа доўга, бо літаральна жыве гэтай работай. Адна з самых карысных спраў (а ёй ужо звыш 15 гадоў) — агляд-конкурс на лепшае падраздзяленне ўніверсітэта ў рамках сістэмы менеджменту якасці БНТУ, што праводзіцца сумесна з адміністрацыяй УВА. Побач з кабінетам прафарганізацыі — маляўнічы стэнд з фатаграфіямі мінулагодніх пераможцаў.

У такім аб'ёме падобныя конкурсы не праходзяць ні ў адной установе вышэйшай адукацыі краіны, перакананы мой суразмоўца. I праводзіцца агляд не дзеля пэўных узнагарод і простага віншавання лепшых, а дзеля павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, паляпшэння работы падраздзяленняў па ўсіх напрамках, бо кожны калектыў (факультэт, інстытут, профільная, агульнаўніверсітэцкая кафедра, інтэрнат, вучэбны корпус) імкнецца ў наступны раз заняць больш высокае месца, чым раней, падцягнуцьусе неабходныя паказчыкі. Дзякуючы гэтаму атрымліваецца рытмічная работа калектыву на працягу ўсяго года, лічыць В.А.Смёткін, бо высокіх паказчыкаў не будзе, калі імі не займацца круглы год.

— Чаму я так паважпіва стаўлюся да прафсаюзнай, сацыяльнай работы? — перапытвае Валерый Аляксандравіч. — Канечне, таму, што разумею яе важнасць, і таму, што, яшчэ калі вучыўся, пяць гадоў быў намеснікам старшыні прафкама студэнтаў. Так што гэта вельмі даўняя гісторыя.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 12 сакавіка 2016 года

Твитнуть