"Прафесія вечнай маладосці'': Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі выпусціў кнігу пра педагагічныя дынастыі Беларусі. Публікацыя ў Настаўніцкай газете ад 12 лютага 2015 года №17.

 

Гэтую кнігу чытаеш як сямейны альбом. Але ці можна чытаць нечы сямейны альбом? Ці можна сваімі журналісцкімі "граблямі" ўлазіць у чужое жыццё?

Гартаем.

Дынастыя Глазковых. Са здымка ўсміхаецца вялікая-вялікая сям'я... "Як зараз памятаю, яна ішла мне насустрач па калідоры з акуратна зачэсанымі светлымі валасамі. Уся ў нечым светлым, такая крохкая і пяшчотная, што я проста спыніўся, паздароўкаўся, а яна мне зрабіла заўвагу. Не магу сказаць, што гэта мяне неяк закранула, не, але дакладна прымусіла звярнуць на Таццяну асаблівую ўвагу. I мне захацелася быць з ёй гадзінамі, — успамінае пра сваю першую сустрэчу з будучай жонкай настаўніцай матэматыкі Таццянай Рыгораўнай Мікалай Віктаравіч Глазкоў. — А калі зразумеў, што закахаўся, вырашыў памяняць месца працы".

Цяпер Яраслаў, Ульяна, Вера, Вольга, Дар'я, Яўген  дзеці Мікалая Віктаравіча і Таццяны Рыгораўны — не даюць засумаваць. А пра настаўніцтва як пра свой кроўны спадкаемны абавязак Таццяна Рыгораўна гаворыць так: "У мяне ніколі не ўзнікала жадання памяняць месца працы, змяніць прафесію, пачаць усё спачатку. Дзякуючы бабулі, Веры Іванаўне Булай (настаўніцы рускай мовы і літаратуры), дзядулю, РыгоруАнтонавічуДубіцкаму (настаўніку хіміі), і маме, я яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што стаць кімсьці, хоць бы проста добрым чалавекам, без настаўніка вельмі цяжка. Мама заўсёды мне казала: "Аляксандр Македонскі і стаў Аляксандрам Македонскім, магчыма, толькі таму, што побач з ім быў яго Настаўнік — Арыстоцель". Сваіх настаўнікаў я знайшла ў асобах мамы і бабулі".

Дынастыя Запрудскіх. Ён быў першы — Іван Іосіфавіч, дырэктар Хватаўскай школы, Любушанскай школы, Бярэзінскай школы-інтэрната —  заслужены настаўнік БССР. I яны таксама першыя — яго жонка настаўніца Кацярына Дарафееўна, яго сястра Ганна. А потым... а потым у Івана Іосіфавіча і Кацярыны Дарафееўны нарадзіўся сын —  добра вядомы чытачам нашай газеты Мікалай Іванавіч Запрудскі, сёння вядомы айчынны вучоны-педагог, прафесар кафедры педагогікі менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

Дынастыя Запрудскіх з гонарам працягваецца і сёння. Унучка Наталля працуе метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярэзінскага райвыканкама: бясконцыя працоўныя будні і рэдкія хвіліны адпачынку... Але менавіта ў гэты час яна ўспамінае, што ў дзяцінстве любіла гуляць "у школу".

Дынастыя Вышынскіх. Яе радаводнае дрэва "расце" з 40-х гадоў XX стагодцзя і налічвае чатыры пакаленні, а агульны педагагічны стаж складае... цяжка вымавіць... больш за 300 гадоў! Вось з якой прытчы пачынаецца аповед пра дынастыю ў кнізе "Прафесія вечнай маладосці". "У адным паселішчы жыў мудрэц, да якога людзі прыводзілі дзяцей на выхаванне. Ён з любоўю рабіў гэта і часта прыносіў ім падарункі, але дарыў толькі крохкія рэчы. Як ні стараліся дзеці быць акуратнымі, іх новыя цацкі крышыліся. Малыя страшэнна засмучапіся, плакалі. Праходзіў яшчэ нейкі час, мудрэц зноў дарыў дзецям цацкі, яшчэ больш крохкія. Нарэшце бацькі не вытрымалі, прыйшлі да мудраца і запыталі:

— Чаму ты робіш такія крохкія падарункі? Яны крышацца, Дзеці плачуць. — Пройдзе многа гадоў, — усміхнуўся мудрэц, — і ў руках вашых дзяцей апынуцца чалавечыя сэрцы. Можа быць, мае цацкі навучаць іх берагчы гэты бясцэнны дар".

Радаводнае педагагічнае дрэва Вышынскіх "пасадзіў" Мікалай Клімавіч Вышынскі (1923 —1999). У розныя гады ён працаваў у розных школах Кобрынскага раёна. Быў чалавекам рознабаковых талентаў — мастака, музыканта, паэта. У пару з мужам была і яго жонка Софія Максімаўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, па яго малюнках выбівала дываны ніткамі. У таленавітых людзей, як правіла, нараджаюцца таленавітыя дзеці. I ім выпаў такі шчаслівы лёс — Галіне Мікалаеўне Зажэўскай, якая працавала педагогам 7 гадоў, Наталлі Мікалаеўне Шчыглеўскай, настаўніцы матэматыкі, педагагічны стаж якой склаў 27 гадоў. Нельга не згадаць і сына сястры (Агаф'і) Мікалая Клімавіча Вышынскага — Міхаіла Мацвеевіча Чуйко, кандыдата фізіка-матэматычных навук, супрацоўніка навукова-даследчага інстытута. А ў Міхаіла Мацвеевіча ў сваю чаргу ёсць сястра Аляўціна Мацвееўна — яна ўсё жыццё працавала ў адным з брэсцкіх дзіцячых садкоў.

Дзве дочкі роднага брата Мікалая Клімавіча Герасіма таксама не прайшлі міма сферы адукацыі. Алімпіяда Герасімаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, загадчыкам дзіцячага садка. Любоў Герасімаўна таксама рупілася ў дзіцячым садку пра тое, каб маленькія чалавечкі выраслі ў нармальных людзей.

Разгалінавасці педагагічнага радаводнага дрэва Вышынскіх можна здзіўляцца да бясконцасці. Пляменніца Мікалая Клімавіча Тамара Андрэеўна Барташ 36 гадоў свайго жыцця аддала педагагічнай прафесіі, пляменнік Юльян Андрэевіч — 32. Але дык здзіўляйся ж, чытач, да бясконцасці! — у родзе Вышынскіх ёсць і трэцяе, і чацвёртае пакаленне педагогаў!

Прафесійная дзейнасць сына Юльяна Андрэевіча Аляксандра і яго жонкі Людмілы Аляксееўны звязана з педагагічнай работай у Шэметаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна, дачкі Галіны Юльянаўны — у Балоцкай школе Кобрынскага раёна. Працуюць педагогамі і Наталля, Людміла, Іна, Данута і Ірына — таксама прадстаўнікі трэцяга пакалення дынастыі Вышынскіх.

А вось пра іх, самых маладых нашчадкаў Вышынскага, хочацца пісаць з асаблівай любоўю. 3 такім прыцягальным агеньчыкам у вачах, добразычлівасцю і чалавечнасцю глядзяць яны са здымкаў — настаўніца інфарматыкі Вольга (нарадзілася ў 1987 годзе) і студэнтка Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ганна 1993 года нараджэння, якая, несумненна, таксама будзе настаўніцай. "Грошы трэба ўкладваць ці ў дзяцей, ці ў адукацыю", — кажуць ва ўнісон сёстры.

Немагчыма нават хоць з большага на сціплай газетнай паласе апісаць усе педагагічныя дынастыі, пра якія ідзе гаворка ў кнізе "Прафесія вечнай маладосці": Казакоў, Станкевічаў, Храпуцкіх-Тамашовых, Бобікаў, Пястуноў, Багданец, Боцькаў, Кісялёвых, Корсакавых-Шынгірэй, Тарасевічаў, Краўчукоў-Крыцкіх, Дашэвічаў-Макарэвічаў, Міхалеўскіх-Драбышэўскіх, Карпенкаў-Грынкевічаў, Кавалевічаў-Зіневічаў, Арцямёнкаў-Гардзіёнкаў, Піпко, Кнышаў, Рагальскіх, Данцовых-Рэуцкіх, Ярмалінскіх, Няхаяў-Сапронавых, Саковічаў-Касценічаў, Чырко-Лукашэвічаў, Міхнаўцоў-Жылічаў-Вайтовічаў, Зарэцкіх-Даміно, Зубковых-Дабравольскіх, Філіпавых-Шыляговых, Карась-Галдобенкаў, Клініцкіх-Каспяровічаў, Земчанкаў-Тышкевічаў, Каваленкаў-Кульбіцкіх, Вайтулевічаў-Кебічаў. Кожная з гэтых гісторый —  гэта гісторыя краіны і яе людзей.

Гэта ўсё — наш гонар, нашы мінулае і будучыня, наша дарагое і шаноўнае Настаўніцтва.

Вельмі ўзрадавала сваёй паэтычнасцю і цеплынёй, шчыра натхніла на чытанне прадмова да кнігі старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі: "Я таксама зведаў і настаўніцкі, і дырэктарскі, і адміністрацыйны хлеб. Скажу шчыра: у кожнага свой смак, але ж вось той, першы  — самы пахкі, такі жаданы і памятны. Ведаю, калі збіраюцца ў сваім блізкім коле педагогі адной сям'і, аднаго радаводу, ці больш афіцыйна — дынастыі, заслухаешся, залюбуешся красамоўнымі пералівамі сапраўднага педагагічнага жэмчугу. Іх калектыўны досвед у прафесіі, майстэрства аповеду і агністасць душы не патанаюць у часе, наадварот, набываюць тужліва-поклічны характар, а сэрца дагэтуль самаахвярна б'ецца там, у школе, родным прадмеце, у сваіх вучнях. Яны, безумоўна, вырастуць, асвояць шматлікія прафесіі, магчыма, стануць вядомымі людзьмі, дзяржаўнымі дзеячамі, таленавітымі вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, і як жа хораша і магічна чытаецца ў іх біяграфіі слова "педагог". Няхай і праз коску, а ўсё ж! Кажуць, настаўніцкая прафесія зараз не зусім папулярная сярод моладзі, нібыта яна дэвальвуецца, страчвае свой грамадскі статус і прывабнасць. Толькі я ў гэта не веру па дзвюх прычынах: па-першае, яна самая старажытная і не згубілася ў тысячагоддзях; па-другое, толькі дзецям наканавана прадоўжыць чалавечы род, а іх трэба навучыць азбуцы ўсіх навук, дапытлівасці і жаданню знаходзіць ключы ад самых мудрагелістых сезамаў. Мудрэйшыя казалі: "Настаўнік — прафесія ад Бога. Усе астатнія прафесіі — ад настаўніка".

Кнігу "Прафесія вечнай маладосці" чытаеш як сямейны альбом. Чытаеш і ганарышся, што ёсць такая прафесія. I што яна ў генах. 

Мікола ЧЭМЕР.

 

 

 

 

Твитнуть