Актуальныя пытанні развіцця сучаснай сістэмы адукацыі Беларусі былі разгледжаны на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі. Гаворка ішла пра вынікі рэалізацыі ў 2016 годзе Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады і ўнясенне ў яго змяненняў. "Галіновы прафсаюз не проста наш сацыяльны партнёр, гэта актыўны ўдзельнік усіх тых працэсаў, якія разгортваюцца ў сістэме адукацыі, — падкрэсліў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. — Канечне, нас хвалююць пэўныя праблемы, якія ўзнікаюць у сістэме адукацыі, і мы заўсёды адкрыта абмяркоўваем іх з прафсаюзам".

Да развіцця

Надзённых пытанняў падчас пасяджэння было ўзнята нямала: ахова працы, захаванне бяспекі навучэнцаў і педагогаў, аплата працы педагогаў, выхад па зарплаце ў галіне на ўзровень 1000 рублёў, аптымізацыя ў сістэме з захаваннем сацыяльных гарантый і патрабаванняў заканадаўства, павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў, у тым ліку ўнясенне змяненняў у інструкцыю аб атэстацыі, чым зараз актыўна займаецца міністэрства. Надзвычайную важнасць усіх гэтых і многіх іншых пытанняў (як саміх па сабе, так і ў супрацоўніцтве з прафсаюзам) падкрэсліў кіраўнік міністэрства.

— Як любая сістэма, сістэма адукацыі змяняецца, зыходзячы з тых канкрэтных умоў, якія складваюцца ў працэсе сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця не толькі нашай дзяржавы, але і сусветнай супольнасці, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — I кіраўніцкія рашэнні павінны быць адэкватнымі выклікам і праблемам сённяшняга жыцця. Важна прафесійна выбудоўваць нашу сістэму для таго, каб яна адаптавалася да сучасных умоў. Аб тым, як праходзіла супрацоўніцтва міністэрства і галіновага прафсаюза, што зроблена ў рамках пагаднення ў мінулым годзе і якія справы неабходна ажыццявіць яшчэ, расказала намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

— У рамках узаемадзеяння Міністэрства адукацыі і Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза па прававым забеспячэнні працоўных адносін у 2016 годзе падрыхтавана і выдадзена 108 нарматыўных прававых актаў міністэрства, праведзена работа па распрацоўцы пяці праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, — паведаміла намеснік міністра. Па стане на 1 студзеня 2017 года нарматывы бюджэтнай забяспечанасці выконваюцца на ўзроўні раёна, горада, вобласці. У поўным аб'ёме ажыццяўляліся выдаткі па такіх артыкулах, як заработная плата з налічэннямі, стыпендыі, прадукты харчавання, іншыя трансферты, камунальныя паслугі.

У 2016 годзе расходы на адукацыю з улікам пазабюджэтных крыніц перавысілі 5,1 млрд рублёў, або 5,45% ад ВУП (2015 год - 5,35% ад ВУП). Самі за сябе гавораць і такія лічбы: у 2016 годзе ўведзены ў строй 32 аб'екты адукацыі, капітальны рамонт праведзены на 203 аб'ектах рэспубліканскай і камунальнай уласнасці. Для ўмацавання матэрыяльнай базы 123-х школ прыцягнуты міжнародныя пазыкі (праект "Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь") на суму 46,22 млн долараў ЗША.

Кадравы склад галіны ў мінулым годзе папоўнілі 5036 маладых спецыялістаў. Дзякуючы дадатковым мерам па падтрымцы маладых педагогаў, прынятым на ўзроўні мясцовых органаў улады, павялічаны працэнт іх замацавання на першым працоўным месцы пасля 2-гадовай адпрацоўкі (2015 год - 66,5%, 2016 год - 72,3%). Працягваюць працаваць у галіне пасля заканчэння двухгадовага перыяду каля 90% маладых спецыялістаў.

У мэтах замацавання кадраў з 1 студзеня 2017 года маладым спецыялістам, якія працягваюць пасля заканчэння двух гадоў працаваць у тых жа ўстановах, яшчэ на працягу аднаго года выдаткоўваюцца штомесячныя даплаты ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду. У той жа час, што асабліва падкрэсліла Раіса Станіславаўна, неабходна прыняць меры па павелічэнні працэнта замацаваных маладых педагогаў.

Безумоўна, не менш актуальнай з'яўляецца задача ўдасканалення бюджэтнага фінансавання. У 2016 годзе працягвалася рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у праекце прымалі ўдзел 188 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 8 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак). Сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў устаноў, якім усталёўваліся галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) у рамках сродкаў, выдзеленых па нарматыве, за снежань 2016 года перавысіла сярэднюю заработную плату педработнікаў па краіне на 12,7%.

— Нягледзячы на станоўчую дынаміку росту ўзроўню заработнай платы ў галіне, — заўважыла Р.С.Сідарэнка, — па гэтым паказчыку сістэма адукацыі па-ранейшаму застаецца на перадапошняй пазіцыі сярод іншых відаў эканамічнай дзейнасці.

Тое, што эксперымент па нарматыўным фінансаванні можна назваць удалым, пацвердзіў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай. Нагадаем, што эксперымент упершыню праводзіўся і ў сельскіх школах раёна, даў станоўчы эфект, пра што "Настаўніцкая газета" падрабязна расказвала нядаўна. Па словах Аляксандра Уладзіміравіча, рэшткі асігнаванняў на мінулы год перайшлі на год новы, іх накіравалі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Ён таксама дадаў, што ва ўстановах, дзе ажыццяўляліся галіновыя выплаты педагогам, сярэдняя зарплата настаўнікаў вырасла на 14%.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка заўважыў на гэты конт, што бягучы год варта зрабіць апошнім годам эксперымента і перайсці да пастаяннай работы ў рамках нарматыўнага фінансавання хаця б на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, адпрацаваўшы складаныя пытанні, напрыклад, па малакамплектных сельскіх школах у рамках, магчыма, міжведамаснай рабочай групы. Сёлета, дарэчы, эксперымент распаўсюджаны на дашкольныя ўстановы Магілёўшчыны.

Раіса Станіславаўна Сідарэнка ў сваім выступленні падкрэсліла і тое, што дасягнуць узроўню сярэдняй заработнай платы ў 1000 беларускіх рублёў плануецца за кошт аптымізацыі сеткі і штатнай колькасці ўстаноў адукацыі, а таксама развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Пры гэтым, як неаднойчы падкрэсліваў падчас пасяджэння калегіі кіраўнік галіны, аптымізацыя не павінна адбывацца механічным зніжэннем колькасці. Неабходна паглядзець на функцыянал і змест кіраўніцкай дзейнасці, пераразмеркаваць яго.

Расказала намеснік міністра і пра тое, што па стане на пачатак бягучага навучальнага года учэбную стыпендыю атрымліваюць 89% студэнтаў і 94,5% навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вучацца на бюджэтнай аснове. Навучэнцам, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, прызначаецца сацыяльная стыпендыя, аказваецца матэрыяльная дапамога. Па стане на 1 студзеня 2017 года памер вучэбных стыпендый складае для студэнтаў УВА ад 58,28 да 93,25 рубля, для навучэнцаў УССА і УПТА — ад 48,67 да 77,87 рубля.

— У мэтах узмацнення дыферэнцыяцыі вучэбных стыпендый у залежнасці ад вынікаў вучэбнай дзейнасці падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім прапаноўваецца дыферэнцыраваць памеры стыпендый навучэнцам у залежнасці ад іх вучэбных дасягненняў, што дазволіць матываваць моладзь да паляпшэння паспяховасці. Прынцып просты: чым лепшая паспяховасць — тым вышэйшая стыпендыя, — заўважыла Р.С.Сідарэнка.

За справаздачны перыяд адбыліся істотныя зрухі ў забеспячэнні студэнцкай і вучнёўскай моладзі месцамі ў інтэрнатах: ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — з 91,6% у 2015 годзе да 93% у 2016 годзе, ва ўстановах вышэйшай адукацыі — з 80,5% у 2015 годзе да 81,1% у 2016 годзе. Месцамі для пражывання ў інтэрнатах забяспечаны 92,7% навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

У той жа час, лічыць намеснік міністра, рэзервы па забеспячэнні іншагародніх навучэнцаў і студэнтаў месцамі ў інтэрнатах яшчэ не вычарпаны. Адным з центральных на пасяджэнні калегіі стала пытанне па захаванні здаровых і бяспечных умоў працы, бяспекі дзяцей. У 2016 годзе на ажыццяўленне мерапрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці выдаткавана больш за 339,3 тысячы рублёў, а на мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў працы на рабочых месцах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы — больш за 286,2 тысячы рублёў, работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму патрабуе далейшага ўдасканалення. Летась з работнікамі галіны арганізацый камунальнай уласнасці адбылося 26 няшчасных выпадкаў, з іх 6 цяжкіх і 1 са смяротным канцом (у 2015 годзе — 29 няшчасных выпадкаў, у тым ліку 9 цяжкіх).

Па-ранейшаму выклікаюць трывогу паказчыкі траўматызму з навучэнцамі, якія адбыліся ў час адукацыйнага працэсу. За 2016 год адбылося 11 няшчасных выпадкаў з навучэнцамі. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі пасяджэння калегіі ўдзялілі захаванню бяспекі малых у дашкольных установах, дзе адзначаецца рост траўматызму. I на першым плане тут — адказнае стаўленне да работы кіраўнікоў гэтых устаноў, іх супрацоўнікаў.

Да новых рашэнняў

Аналізуючы выкананне пагаднення, Р.С.Сідарэнка заўважыла, што з улікам практыкі прымянення, а таксама ўмацавання мер сацыяльнай абароны работнікаў галіновы савет па працоўных і сацыяльных пытаннях у сістэме Міністэрства адукацыі ініцыіруе ўнясенне ў пагадненне шэрага змяненняў і дапаўненняў. Сярод іх — удакладненне кваліфікацыйных патрабаванняў да асоб для заняцця пасад педагагічных работнікаў; прыняцце мер па працаўладкаванні работнікаў, якія падлягаюць звальненню ў сувязі са скарачэннем; удасканаленне арганізацыі працы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі і інш.

— Лічым таксама важным актывізаваць работу па шэрагу пазіцый, якія не першы год патрабуюць вырашэння, падкрэсліла намеснік міністра. Так, па-ранейшаму выклікае шмат пытанняў суправаджэнне педагогамі дзяцей пры арганізацыі іх падвозу. Аплата працы знаходзіцца ў кампетэнцыі кіраўнікоў школ. За суправаджэнне дзяцей пры арганізацыі падвозу педагогам могуць устанаўлівацца стымулюючыя выплаты: надбаўкі за складанасць і напружанасць працы ў памеры да 50% стаўкі. Гэтыя нормы павінны знайсці адлюстраванне ў палажэннях аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў, калектыўных дагаворах. Больш за тое, за арганізацыю падвозу навучэнцаў прадугледжаны галіновыя павышэнні тарыфных ставак педагагічным работнікам устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце па нарматыўным фінансаванні. У 2016 годзе паўстала пытанне аб аплаце за практыку ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Міністэрства адукацыі падрыхтавала ўнясенне змяненняў у Палажэнне аб практыцы навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 11.07.2011 № 941. 3 прыняццем пастановы ў тыпавыя штаты УССА будуць унесены адпаведныя змены. У тым, што пэўныя змены наспелі, перакананы і старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка.

За 2016 год праведзены маніторынгі і праверкі у 3183 арганізацыях адукацыі; па выніках грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы наймальнікам выдадзена 183 прадстаўленні, 1516 рэкамендацый, 1484 даведкі; выяўлена 7488 парушэнняў заканадаўства аб працы. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 23 службовыя асобы; па патрабаванні галіновага прафсаюза выплачена грашовых сум работнікам 643 703 рублі; адноўлена на працы 4 чалавекі; папярэджана звальненне 50 работнікаў.

Прававая інспекцыя галіновага прафсаюза правяла па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 113 выязных асабістых прыёмаў грамадзян у раённых, гарадскіх аб'яднаннях прафсаюзаў і ў арганізацыях, прыняты 282 чалавекі. У арганізацыйныя структуры прафсаюза паступіла 63 795 зваротаў.

— Аналіз паказаў, што найбольш тыповыя парушэнні выяўлены пры звальненні работнікаў па ініцыятыве наймальнікаў; заключэнні, прадаўжэнні, скасаванні кантрактаў; прымяненні мер дысцыплінарнага спагнання; заключэнні калектыўных дагавораў; аплаце і матэрыяльным стымуляванні працы, узгадненні з прафсаюзам лакальных нарматыўных прававых актаў; па ўключэнні дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання працы ў кантракты работнікаў, — адзначыў А. А. Бойка.

Адзін раз у год прафсаюзныя органы праводзяць маніторынг прымянення кантрактнай формы найму з мэтай папярэджання і ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Таксама Аляксандр Аляксандравіч нагадаў, што ў галіновае пагадненне ўключаны нормы, што абараняюць работнікаў, якія пераведзены на кантрактную форму найму. Напрыклад, прадугледжаны выплаты цяжарным жанчынам, маладым спецыялістам і г.д. У 2016 годзе, па даных прафсаюзных органаў, з работнікамі заключана 83,9% кантрактаў ад агульнай колькасці ўсіх спецыялістаў, якія працуюць у галіне адукацыі.

У выніку сумеснай работы галіновага прафсаюза, Міністэрства адукацыі, органаў кіравання адукацыі і мясцовых органаў улады ўключаны дадатковыя меры матэрыяльнага стымулявання працы: дадатковы аплатны адпачынак у 94,7% кантрактаў; павышана тарыфная стаўка ў 91,8%. У Мінску ў 100% заключаных з работнікамі кантрактаў уключаны абедзве меры матэрыяльнага стымулявання працы.

— На жаль, пакуль не атрымліваецца ў поўнай меры ва ўсіх рэгіёнах дасягнуць выканання галіновага пагаднення ў частцы выдзялення бюджэтных сродкаў на згаданыя мэты,— заўважыў А.А.Бойка. — Прафсаюзу, Міністэрству адукацыі, органам кіравання адукацыі і наймальнікам неабходна больш настойліва весці работу на месцах у гэтым кірунку.

Ён таксама адзначыў, што рост заработнай платы не пакрывае рост цэн на тавары і паслугі. Назіраецца зніжэнне тэмпаў росту памеру тарыфнай стаўкі першага разраду ў адносінах да бюджэту пражытачнага мінімуму. Пры гэтым сума адноўленых грашовых сродкаў за 2016 год, недаатрыманых работнікамі (643 703 рублі), сведчыць аб наяўнасці, хоць і невялікай, але рэальнай магчымасці павышэння заработнай платы.

Старшына ЦК галіновага прафсаюза ўдзяліў шмат увагі захаванню бяспекі.

— У 2016 годзе сіламі 8 тэхнічных інспектараў працы праведзены 93 планавыя праверкі і 527 маніторынгаў выканання заканадаўства аб ахове працы, выяўлены 5274 парушэнні заканадаўства. Быў абследаваны 61 дзіцячы аздараўленчы лагер, праверана работа 11 студэнцкіх будаўнічых атрадаў, 27 сельскагаспадарчых арганізацый, — расказаў ён.

А.А.Бойка акцэнтаваў увагу на тым, што ў апошнія гады пачасціліся выпадкі абрушвання даху, столей, перакрыццяў ва ўстановах адукацыі. У мэтах папярэджання надзвычайных сітуацый у некаторых рэгіёнах было арганізавана і праведзена камісійнае абследаванне будынкаў устаноў адукацыі з удзелам прадстаўнікоў інспекцыі Дзяржбуднагляду. На жаль, з-за недастатковага фінансавання такая прафілактычная экспертыза праводзіцца вельмі рэдка.

— Наш маніторынг паказвае, што толькі візуальнага тэхнічнага агляду, які праводзіцца сіламі работнікаў устаноў адукацыі, недастаткова, — заўважыў старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — Неабходна сістэматычная тэхнічная экспертыза сіламі спецыялізаваных арганізацый. Ён таксама спыніўся на іншых пытаннях захавання бяспекі, заўважыўшы, што ў адрозненне ад вытворчага траўматызму з работнікамі ўзровень траўміравання навучэнцаў застаецца ўжо некалькі гадоў стабільна высокім і склаў у параўнанні з 2015 годам 17,3%.

— Наспела вострая неабходнасць у рэфармаванні нарматыўнай прававой базы па бяспецы адукацыйнага працэсу. Пачаць гэтую работу можна ўжо цяпер (заканадаўства гэта дазваляе), не чакаючы дапаўненняў і змяненняў у Кодэксе аб адукацыі, — лічыць Аляксандр Апяксандравіч. — Лічым неабходным Міністэрству адукацыі разам з прафсаюзам паскорыць стварэнне савета кіраўнікоў службаў аховы працы і арганізацыі яго работы.

Нагадаем, што пасля далучэння прафсаюза работнікаў НАН па стане на 1 студзеня 2017 года галіновы прафсаюз налічвае 623 926 членаў арганізацыі, якая нядаўна адзначыла сваё 95-годдзе.

Падчас пасяджэння калегіі былі разгледжаны і некаторыя іншыя пытанні. Напрыклад, аб рабоце студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў, аздараўленні моладзі, якое ўзняў старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта старшыня Маладзёжнага савета прафсаюза Міхаіл Фляр'янавіч Барэйша, і некаторы іншыя пытанні.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 21 сакавіка 2017 года №31

Kollegija 2017 2

 

Твитнуть