ІХ з’езд Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на які з’ехалася больш за 200 дэлегатаў з усёй краіны, прайшоў у Мінску. Падзею можна смела назваць аб’яднальнай, бо на з’ездзе былі выпрацаваны і ўзгоднены пазіцыі па аб’яднанні з роднасным прафсаюзам — Беларускім прафсаюзам работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Аб’яднанне дзвюх прафсаюзных арганізацый накіравана на ўзмацненне пазіцый адзінага прафсаюза, павышэнне яго аўтарытэту, больш плённае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі, фарміраванне агульнай палітыкі ў сферах занятасці, аплаты працы і г.д. Нагадаем, што раней аб’яднальныя працэсы прайшлі ў прафсаюзах прамысловасці, энергетыкі, прыродакарыстання і геатэхналогій.

Пачаў з’езд старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка, які расказаў аб рабоце грамадскай арганізацыі за апошні час. У дакладзе старшыні галіновага прафсаюза была агучана інфармацыя аб рабоце з сацыяльнымі партнёрамі, узаемадзеянні прафсаюзных органаў з заканадаўчымі і выканаўчымі органамі ўлады па распрацоўцы і прыняцці нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць сферу сацыяльна-прававых адносін, аб рабоце тэхнічных інспектараў працы, міжнароднай дзейнасці, удзеле прафсаюзаў у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах і г.д. Затым А.А.Бойка звярнуўся да аб’яднання двух прафсаюзаў, заўважыўшы:

— На працягу года рабочая група, якая ўключала прадстаўнікоў галіновага прафсаюза і прафсаюза работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук, пад кіраўніцтвам ФПБ неаднаразова абмяркоўвала найбольш важныя аспекты рэарганізацыі прафсаюзаў, абмеркаванне праходзіла на прэзідыуме і пленуме. Пленум даў дабро нам, дэлегатам з’езда, прыняць гэтае важнае рашэнне.

— Адбыўся VIII з’езд прафсаюза работнікаў НАН, — дадаў старшыня гэтага прафсаюза Вадзім Алегавіч Кіцікаў. — Сутнасць прынятых рашэнняў — у падтрымцы далучэння да Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У кожным з прафсаюзаў ужо сфарміраваны планы работы на наступны год, вызначаны дакладныя задачы, але будуць і агульныя задачы, і агульныя планы на карысць нашых калектываў.

У рабоце з’езда прынялі ўдзел старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Сяргеевіч Орда, які заўважыў, што аб’яднанне прафсаюзаў — абдуманы і вывераны крок.

— Людзі хочуць бачыць за сабой магутны, моцны прафсаюз, які дасць дадатковыя, больш шырокія магчымасці па абароне правоў працоўных і іншых важных напрамках нашай дзейнасці. Менавіта таму ў маі мінулага года на сваім з’ездзе мы прынялі прынцыповае рашэнне: для павышэння эфектыўнасці работы неабходна аб’яднаць шэраг роднасных прафсаюзаў. Гэта дазволіць зрабіць нашу структуру больш кампактнай і, як я ўжо сказаў, больш эфектыўнай.

Старшыня ФПБ нагадаў таксама, што падобныя аб’яднальныя працэсы праходзяць сёння ў многіх краінах, бо прафсаюзы імкнуцца мець больш моцны голас у перамовах з наймальнікамі. Напрыклад, у Германіі, з яе развітой прамысловасцю, працуюць 11 галіновых прафсаюзаў, столькі ж іх у Кітаі. У Беларусі на пачатак года прафсаюзаў было 28, на дзень з’езда — 22. Аб’яднанне ў выніку дапаможа развіццю навуковай і адукацыйнай сфер.

Да дэлегатаў і гасцей з’езда таксама звярнуліся першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іванавіч Сягоднік.

— У вялікай сям’і заўсёды ўзнікаюць пэўныя праблемныя пытанні, — сказаў В.А.Богуш, маючы на ўвазе сістэму адукацыі. — Дзякуючы сумеснай рабоце прафсаюзаў і міністэрства, гэтыя задачы паспяхова вырашаюцца. Сёлета адбылася знакавая падзея: на сумеснай з прафсаюзам калегіі мы прымалі новае пагадненне. Пагадненне — добры рамачны дакумент, які стварае ўмовы для развіцця сацыяльнай абароны ў галіне. У гэтым вялікая заслуга і міністэрства, і нашых сацыяльных партнёраў.

Першы намеснік міністра адукацыі заўважыў, што асноўнай задачай з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы адукацыі. Без зладжанай работы, без прыцягнення працоўных калектываў эфектыўна вырашыць гэтую задачу немагчыма, дадаў В.А.Богуш і адзначыў, што міністэрства вітае аб’яднанне прафсаюзаў, бо якасная адукацыя немагчыма без навуковых даследаванняў.

Такім чынам, з’езд адобрыў рашэнне аб далучэнні прафсаюза работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук да Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, але яго работа на гэтым не закончылася. Так, некаторыя прафсаюзныя актывісты атрымалі юбілейныя медалі ФПБ, Падзяку міністра адукацыі атрымала старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў галіны і прафсаюза Яніна Аляксандраўна Трахімовіч. Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь была ўручана Аляксандру Аляксандравічу Бойку, Ганаровая грамата ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — намесніку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раісе Станіславаўне Сідарэнка. Атрымалі ўзнагароды і іншыя работнікі галіны.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газеце" ад 24 снежня 2016 г. №146(7904)

Твитнуть