У рэспубліцы падчас гэтых урокаў адбываецца каля 300 траўм у год.  У пачатку навучальнага года ў Мінску здарыліся два смяротныя выпадкі, звязаныя з прадметам “Фізічная культура і здароўе”. 

На першы погляд бяскрыўдная спартыўная трэніроўка з элементамі футбола забрала жыццё 13-гадовай школьніцы. Праз некалькі дзён урок фізкультуры стаў апошнім для 10-гадовай навучэнкі адной са школ. Дзве школьніцы за кароткі перыяд загінулі ў спартзалах навучальных устаноў Мінска. І гэта не першыя выпадкі. У 2014 годзе два беларускія вучні памерлі падчас урокаў фізкультуры.

Сярод настаўнікаў фізічнай культуры было шмат размоў: “А што будзе?”, “Колькі будзе праверак?”, “Ці можна знайсці вінаватых?”, “Што зрабіць, каб урокі фізкультуры сталі ўрокамі здароўя, а не смерці?”.

На жаль, ад смяротных выпадкаў ніхто не застрахаваны. Паміраюць і спартсмены ў час марафонскага бегу і ў час гульняў па хакеі. Старацца гэтага не дапусціць — задача настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Фізічная культура — гэта першапачаткова самы траўманебяспечны прадмет у школе. У рэспубліцы падчас гэтых урокаў адбываецца каля 300 траўм у год, прычым яшчэ 8—10 гадоў назад траўматычнасць была ў два разы вышэй. За апошні час прыняты шэраг мер па кантролі за правядзеннем заняткаў, у матэрыял вучэбных праграм увялі раздзел па тэорыі і навучанні страхоўцы і самастрахоўцы падчас вучэбных заняткаў, знялі з праграмы траўманебяспечныя практыкаванні.

Напэўна, паўтару прапісныя ісціны, але пра іх трэба памятаць заўсёды і не спадзявацца, што на ўроку не можа адбыцца штосьці незвычайнае. Для гэтага неабходна прадумаць правядзенне ўрока загадзя. У залах займаюцца некалькі класаў, і важна паклапаціцца не толькі пра свой клас, але і ведаць асаблівасці іншага класа. Пры падрыхтоўцы варта пагаварыць з калегам, які будзе праводзіць урок у зале. Якія заданні ён будзе даваць навучэнцам, якімі прыладамі карыстацца, дзе пастроіць клас. Гэта трэба адзначыць у канспекце ўрока.

На занятку неабходна пастаянна кантраляваць навучэнцаў: дзе яны пастроіліся, як пераходзяць ад аднаго месца выканання практыкавання да іншага, але ажыццяўляць кантроль трэба так, каб яны гэтага не заўважалі. Так павінен праводзіць урокі кваліфікаваны педагог.

Вучням неабходна даць зразумець, што яны знаходзяцца пад кантролем. Пачынаецца ўсё з малога. Ужо ў раздзявалках навучэнцы розных класаў, пераапранаючыся, вешаюць рэчы на розныя бакі. Рэчы раскладваюць у пэўным парадку. На кручкі вешаюць адзенне, на лаўкі ставяць заплечнікі і пакеты, абутак — на падлогу, каля сваіх рэчаў. Перад урокам настаўнік правярае парадак у раздзявалках, адзін, два разы паказвае навучэнцам, як павінны знаходзіцца рэчы ў раздзявалках, і яны будуць гэта рабіць.

Абавязковая паслядоўнасць у дзеяннях. Вучань павінен ведаць, што займацца на ўроках неабходна толькі ў спартыўнай форме.

Варта толькі дазволіць адзін раз пазаймацца без формы, хай нават на вуліцы, наступны раз складана будзе патрабаваць ад вучня наяўнасці формы. Неабходна ўлічваць асаблівасці класа, ведаць вучняў, якія могуць не слухаць і не выконваць заданні настаўніка. Пры выкананні саміх заданняў паточным метадам звяртаць увагу на інтэрвал паміж навучэнцамі. Калі яны не мо-гуць самі рэгуляваць яго, гэта павінен рабіць настаўнік.

Недахопы пры арганізацыі ўрокаў — парушэнне інструкцый па іх правядзенні, некваліфікаванае складанне канспектаў, выхад за рамкі праграмнага матэрыялу, няправільны падбор практыкаванняў і размяшчэнне навучэнцаў на пляцоўках, а таксама нізкі ўзровень выхаваўчай работы з навучэнцамі па выкананні правіл паводзін на ўроках.

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што стан здароўя навучэнцаў шмат у чым залежыць ад правільных дзеянняў настаўніка па арганізацыі вучэбных заняткаў, навучання школьнікаў ведам і выканання імі правіл бяспечных паводзін на занятках.

Строгае выкананне правіл па бяспечнай арганізацыі заняткаў можа ператварыць настаўніка, якога любілі дзеці, у занудлівага буркуна. Аднак былі, ёсць і будуць сітуацыі, калі вучань прыходзіць на ўрок з недамаганнем, але ў яго няма даведкі. Асноўныя ўрокі не хацелася прагульваць. Што рабіць настаўніку? Паставіць “двойку” за неработу на ўроку? Можна запісаць у дзённік, што не займаўся на ўроку, але калі прыйдзе хто-небудзь з адміністрацыі, то ў вучня павінен быць апраўдальны дакумент. Дзе ляжыць тая мяжа чалавечых адносін паміж вучнем і настаўнікам фізкультуры? А можа яна і служыць мяжой паміж тымі, хто з’яўляецца фізруком, і тымі, хто становіцца настаўнікам ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ!

Новы напрамак развіцця

Прадмет “Фізічная культура і здароўе” займае не вядучае месца ва ўстановах адукацыі, ён не прыносіць істотных дывідэндаў у выглядзе перамог на прадметных алімпіядах. Не хацелася б параўноўваць прадметы паміж сабой, але, напрыклад, на алімпіядзе па матэматыцы дыпломы пераможцаў і прызёраў атрымліваюць 45% ад усіх удзельнікаў. Гэта значыць, са 100 удзельнікаў 45 будуць з дыпломамі. У спартыўных спаборніцтвах дыпломы атрымліваюць толькі тры ўдзельнікі. У спартландыі трэба падрыхтаваць каманду з 10 навучэнцаў, а ў прадметнай алімпіядзе дастаткова аднаго. Як вы думаеце, дзе лягчэй дасягнуць выніку: там дзе дастаткова падрыхтаваць аднаго вучня, які зойме 45-е месца, або там, дзе трэба падрыхтаваць 10 навучэнцаў і заняць 3-е месца?

Спартыўная зала працуе штодзень да 20.00, у тым ліку і ў перыяд канікул. Падчас летніх канікул арганізоўваецца работа аздараўленчай пляцоўкі ў вячэрні час. Фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа па прадмеце, акрамя ўрокаў і вучэбных заняткаў, уключае каля 12 школьных мерапрыемстваў, 12 спаборніцтваў раённай спартакіяды, 6 спаборніцтваў гарадской спартакіяды, ва ўстановах адукацыі праводзяцца першыя этапы рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. У верасні праводзіцца тыдзень спорту і здароўя, прысвечаны пачатку навучальнага года, а ў маі — фізкультурнае свята па заканчэнні навучальнага года.

Настаўнікі фізічнай культуры валодаюць камп’ютарам, праводзяцца Рэспубліканскія конкурсы метадычных распрацовак.

Ужо некалькі гадоў пры выстаўленні адзнак за чвэрць навучэнцам улічваюцца іх веды па раздзеле вучэбнай праграмы “Асновы фізкультурных ведаў”, дзе ацэньваюцца веды пра сацыяльную сутнасць фізічнай культуры, медыка-біялагічныя асновы, гісторыю фізічнай культуры, спорту, пра Алімпійскія гульні; веды пра асноўныя віды рухаў, правіл рухавых, народных і спартыўных гульняў, правіл спаборніцтваў па відах спорту; выкананне правіл бяспечных паводзін на вучэбных занятках фізічнай культуры і здароўя, самастойных фізкультурных занятках. І навучэнцы ўспрымаюць гэта як нармальную з’яву. Ужо няма стаўлення да ўрока фізічнай культуры як да таго, дзе толькі бегаюць або гуляюць у футбол. І адзнака “сем” за чвэрць успрымаецца нармальна.

Трэба размаўляць з вучнямі, для гэтага неабходна перагледзець падыход да правядзення ўрокаў. Важна прымяняць новыя методыкі (выкарыстанне самаацэнкі і ўзаемаацэнкі на ўроках, методыка актыўнай ацэнкі), не баяцца ўключаць вучняў у вучэбны працэс — праз разуменне сваёй ролі ў ім.

З 2012 года праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Алімпіёнак”, у якім навучэнцы спаборнічаюць у веданні тэарэтычных асноў фізічнай культуры і спорту.

У 2015 годзе выйшлі новыя праграмы па прадмеце для навучэнцаў 1, 5 і 10 класаў. Магчыма, прыйшоў час падумаць над тым, каб арганізаваць алімпіяду па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете" (дадатак "Форум") ад 17 лістапада 2015 г.  №135

Твитнуть