Пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, які прайшоў нядаўна, адобрыў работу выбарных органаў галіновага прафсаюза ўсіх узроўняў па выкананні рашэнняў VII з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і рэалізацыі мерапрыемстваў ЦК прафсаюза па выкананні Пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дадзеных на з’езде, разглядзеў іншыя пытанні. У рабоце пленума прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш і намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Сяргеевіч Мікша.

 2 сакавіка гэтага года паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі заключана галіновае пагадненне на 2016—2019 гады. Яно ўзята за аснову для заключэння мясцовых пагадненняў калектыўных дагавораў у сістэме адукацыі, — нагадаў старшыня ЦК галіновага прафсаюза А. А. Бойка.

Ён таксама заўважыў, што ў бягучым годзе прынята Інструкцыя аб парадку разліку планавага фонду заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі і эканоміі сродкаў, прызначаных для аплаты працы. Старшыня ЦК папярэдзіў, што аптымізацыя ўстаноў адукацыі не павінна суправаджацца неабгрунтаваным скарачэннем рабочых месцаў, задача прафсаюза — не дапусціць гэтага.

Аляксандр Аляксандравіч нагадаў і пра тое, што тэрмін рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі быў устаноўлены з 1 студзеня да 31 снежня 2015 года. У праекце ўдзельнічалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі. Яго тэрмін прадоўжаны да канца 2016 года, і зараз у эксперыменце ўдзельнічаюць 183 установы ў Баранавічах, Віцебску, Наваполацку, Жодзіне, Гродне, Скідзелі, Магілёве, Лідскім раёне, Савецкім і Цэнтральным раёнах Гомеля, Першамайскім і Партызанскім раёнах Мінска. Для вывучэння ўдасканалення механізма фінансавання, захавання рабочых месцаў і далейшага працаўладкавання вызваляемых работнікаў у рамках рэалізацыі праекта пры Цэнтральным камітэце галіновага прафсаюза створана рабочая група.

На працягу 2015—2016 гадоў у ЦК з Міністэрства адукацыі неаднаразова паступаў праект пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у пастанову Савета міністраў "Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання".

— Пазіцыя па гэтым пытанні, якую Цэнтральны камітэт накіраваў Міністэрству адукацыі, наступная, — сказаў А.А.Бойка. — Мы лічым неабходным захаваць без змяненняў установы адукацыі і пасады педагагічных работнікаў, якія вызначаны Пералікам устаноў і арганізацый, работа ў якіх дае права на прафесійнае пенсійнае страхаванне. Для мэт такога страхавання педагагічных работнікаў неабходна перагледзець крытэрыі ацэнкі ўмоў іх працы, лічаць у ЦК галіновага прафсаюза.

Зараз у ЦК галіновага прафсаюза і Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі накіраваны на ўзгадненне праекты дакументаў, якія прадугледжваюць адмену Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2002 года № 616, які ўстанаўлівае льготнае крэдытаванне ў памеры 70% кошту навучання за навучальны год для аплаты навучання пры атрыманні першай вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, УВА спажывецкай кааперацыі і Федэрацыі прафсаюзаў на платнай аснове, і прадастаўленне фінансавай падтрымкі ў памеры 10% кошту навучання на аднаго навучэнца за навучальны год.

Па меркаванні прафсаюза, прыняцце новага рашэння прывядзе да зніжэння сацыяльных гарантый, падтрымкі моладзі і магчымага адтоку асоб, якія жадаюць атрымаць першую вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Гэтую пазіцыю Цэнтральны камітэт выклаў Федэрацыі прафсаюзаў.

У выступленні старшыні ЦК галіновага прафсаюза прагучала інфармацыя аб тым, што Федэрацыя прафсаюзаў, Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза актыўна ўдзельнічалі ў нарматворчым працэсе, паслядоўна рэалізоўваючы палітыку па адстойванні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў грамадзян на заканадаўчым узроўні, па павышэнні ўзроўню прававой абароненсці работнікаў і г.д. Гэтая работа спрыяла прыняццю пастановы Савета міністраў ад 10.08.2015 года № 674, якая ўстанаўлівае абавязак дзяржаўных органаў, арганізацый пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях, якія закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы грамадзян, накіроўваць гэтыя праекты ў Федэрацыю прафсаюзаў і інфармаваць Савет міністраў аб выніках.

У мінулым годзе ў федэрацыі было разгледжана больш як 50 такіх праектаў, па найбольш важных для прафсаюзаў пытаннях запрошваліся пазіцыі галіновых прафсаюзаў, а іх прапановы ўлічваліся пры выпрацоўцы адзінай пазіцыі.

На пленуме былі агучаны вынікі работы галіновага прафсаюза і па іншых важных напрамках, напрыклад, па рабоце над прапановамі і дапаўненнямі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, па маніторынгу прымянення кантрактнай формы найма і інш. Так, па-ранейшаму застаецца высокім працэнт кантрактаў, заключаных на адзін год — 25,4 %, што стварае пэўную напружанасць у калектывах.

Таксама старшыня ЦК галіновага прафсаюза падкрэсліў, што прафсаюз занепакоены статыстыкай няшчасных выпадкаў з навучэнцамі: у мінулым годзе зафіксавана 597 няшчасных выпадкаў. У структуры траўм асноўную долю складаюць траўмы, атрыманыя да пачатку і пасля заканчэння заняткаў, падчас перапынкаў, на ўроках фізкультуры і працоўнага навучання.

Акрамя таго, на пленуме было заўважана, што зараз праводзіцца маніторынг па выкананні заканадаўства аб ахове працы і бяспечным знаходжанні дзяцей у аздараўленчых лагерах, прагучалі паведамленні аб іншых напрамках работы, у тым ліку аб завяршэнні работы па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый ва ўстановах вышэйшай адукацыі Мінска, аб конкурсе на лепшае інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці прафсаюзных арганізацый, некаторыя іншыя.

— У галіне ёсць дыялог паміж прафсаюзам і наймальнікам, і ён прасочваецца на ўсіх узроўнях, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.А.Богуш. — Я не гавару, што ў нас няма праблем, яны ёсць, але ў выніку гэтага дыялогу яны паступова вырашаюцца. Маецца на ўвазе перш за ўсё сацыяльная сфера, значнасць педагагічнай прафесіі. Гэтыя праблемы не маюць простых рашэнняў, такія рашэнні павінны паступова выкрышталізоўвацца і ў далейшым знаходзіць адлюстраванне ў адпаведных нарматыўных дакументах.

Вадзім Анатольевіч дадаў, што міністэрства ўдзяляе вялікую ўвагу калектыўным дагаворам, вельмі многія механізмы, накіраваныя на развіццё кадравага патэнцыялу, стымуляванне тых, хто эфектыўна працуе, знаходзяць сваю рэалізацыю менавіта праз дагаворы.

— Хачу падзякаваць прафсаюзам за актыўную грамадзянскую пазіцыю, — дадаў намеснік міністра. — У нас ёсць некалькі надзвычай важных мерапрыемстваў грамадска-палітычнага характару. Тэта перш за ўсё выбары. Летась педагагічная супольнасць паказала сябе з найлепшага боку. Спадзяёмся, што і сёлета мы будзем працаваць вельмі зладжана, з разуменнем стратэгіі і перспектыў развіцця нашай краіны.

Пытанне аб удзеле Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання якраз і было разгледжана на пленуме. Было прапанавана вылучыць 76 прадстаўнікоў галіновага прафсаюза ў акруговыя камісіі і два — у абласныя. Таксама пленум даручыў арганізацыйным структурам прафсаюза забяспечыць вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, правесці работу па падборы назіральнікаў з ліку прафсаюзнага актыву для іх накіравання на выбарчыя ўчасткі.

Публікацыя ў "Настаўніцкай газете"  №70  ад 23 чэрвеня 2016 г.


2016 june Plenum 2

2016 june Plenum 

 

Твитнуть