Канферэнцыя працоўнага калектыву работнікаў БДУ адбылася ў чэрвені. Падчас яе была аднагалосна прынята Калектыўная дамова на 2016-2019 гг. – асноўны дакумент, які рэгулюе ва ўніверсітэце стасункі паміж наймальнікам і работнікам і скіраваны на паляпшэнне ўмоў працы, абарону сацыяльных правоў і інтарэсаў нашых супрацоўнікаў. 20 чэрвеня новая калектыўная дамова падпісана рэктарам БДУ і пачала дзейнічаць. Якія змены нас чакаюць, хто і як бароніць нашы інтарэсы – гутарым са старшынёй прафсаюзнага камітэта БДУ Ігарам ВЯРЭНЧЫКАВЫМ.

 

Konferencija BSU rabotniki s

– Ігар Раманавіч, што ў агульных рысах змянілася ў параў­нанні з папярэднімі калектыў­нымі дамовамі?

– Карэнным чынам нічога не змянілася, бо існуе пэўная ста­більнасць у нашым сацыяльным партнёрстве. Яно наладжана ва ўніверсітэце даўно. Упершыню займаўся гэтым дакументам – калектыўнай дамовай, знайшоў і прагледзеў дадзеныя пагадненні ажно з 1998 года. У адпаведным артыкуле Працоўнага кодэкса вызначана, чым ёсць калектыўная дамова – гэта лакальны прававы акт, які рэгулюе сацыяльна-экана­мічныя пытанні паміж работнікам і наймальнікам. Сама КД не павінна ані на ёту пагаршаць умовы працы работніка, якія вызначаны Пра­цоўным кодэксам. Палепшыць штосьці мы можам, а пагоршыць – не. Канечне, у параўнанні з Пра­цоўным кодэксам мы даём нашым работнікам трохі большыя, трохі шырэйшыя правы. Былі ўнесены пэўныя змены агульнага роду – напрыклад, у сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту давялося ўвесці фразы накшталт «за тры гады да дасягнення пенсійнага ўзросту» там, дзе раней мы проста называлі ўзрост.

Konferencija BSU rabotniki 1 s

Матчын дзень

Раней жанчыне, якая мае адно ці некалькі непаўналетніх дзяцей, даваўся адзін дзень у месяц з захаваннем заробку – цяпер най­мальнік не мае эканамічнай маг­чымасці аплачваць гэты «матчын дзень», таму цяпер ён даецца жанчыне, але за свой кошт. Зноў жа, калі параўнаць з Працоўным ко­дэксам, то атрымліваецца, што мы ўдвая палепшылі ўмовы: для тых, хто мае трох і болей дзетак або дзяцей-інвалідаў, паводле закона даецца ледзь не дзень штотыдня (глядзі артыкул 265 ПК); для тых, хто выхоўвае двух дзяцей узростам да 16 гадоў, па кодэксе належыць гэты дзень… Мы ж вырашылі, што такі дзень можа сабе ўзяць супрацоўніца, нават калі ў яе ёсць толькі адно дзіця.

Ажаніліся? Нараджайце!

Яшчэ адзін крок наперад – адносна матэрыяльнай дапамогі супра­цоўнікам у сувязі са шлюбам і нараджэннем дзіцяці. Раней мы да­валі 10 базавых велічынь пры за­ключэнні шлюбу і столькі ж – пры нараджэнні дзіцяці. Камісія гэта абмяркоўвала, гаварылася пра тое, што матэрыяльная дапамога пры заключэнні шлюбу не зусім мэтазгодная – найчасцей гэта грошы, перапрашаю, на гулянку. А вось нараджэнне дзіцяці – зусім ін­шая справа, падгузнікі патрэбныя незалежна ні ад чаго… І вось як атрымалася: нараджэнне першага дзіцяці – 15 базавых велічынь, другога – 20, а трэцяга і наступных дзяцей – па 30! Да таго ж, была такая юрыдычная сітуацыя: чалавек, здараецца, і трэці раз шлюб бярэ – хіба нам шторазу даваць па 10 базавых велічынь? Ці патрабаваць даведку, што вось гэтая маладая прыгожая дзяўчына, якая да мяне прыйшла, сапраўды першы раз замуж выходзіць… Мы ад гэтага сышлі. А вось прыйдзе маці з даведкай пра нараджэнне малечы, ці тата, або і тата і мама – калі абое ў нас працуюць, мы ж абаім акажам матэрыяльную дапамогу! Так, мы больш не даём грошы на заклю­чэнне шлюбу – але калі вы ўтва­рылі сям’ю, то ў вас з’явіцца дзіця, гэта ж адна ідэя, людзі для таго, і бяруць шлюб, як мне здаецца.Знаходзяцца ахвотныя пакрыты­каваць, не падумаўшы. Але нават калі на пальцах падлічыць: пры­бралі 10 базавых велічынь – а да­далі 35 (калі маем на ўвазе трох дзяцей)! То бок, не пагоршылі, а палепшылі ўмовы працы.

– Але ж трэба і папрацаваць – дзетак нарадзіць…

– Так, дзяцей трэба нараджаць, і мы будзем гэтаму ўсяляк спрыяць. Тут адно за другое чапляецца: матэрыяльнае стымуляванне нара­джальнасці станоўча ўплы­вае на дэмаграфічную бяспеку краіны.

Вызваліць ад беганіны

Яшчэ адзін момант: была матэ­рыяльная дапамога ў выпадку смерці супрацоўніка 20 базавых велічынь – мы павялічылі да 30, але прыбралі пункт пра тое, што супрацоўніку па магчымасці вылучаецца аўтатранспарт і рытуальныя паслугі, бо гэта складана і фінансава, і арганізацыйна, трэба браць гарантыйны ліст, рахункі-фактуры на труну і вянок, бегаць аплачваць, і ўсё гэта ў час жалобы, калі думкі ў людзей зусім не пра тое, калі трэба над нябожчыкам паплакаць…

– Пэўную заклапочанасць су­пра­цоўнікаў выклікала пытанне адносна бальнічных лістоў, ап­ла­та якіх нібыта планавалася толь­кі ад 30 дзён захворвання?

– Раней быў 21 дзень. Потым камісія прыняла рашэнне, магчыма, павялічыць да 30 дзён захворвання. Але падчас абмеркавання праекта Калектыўнай дамовы гэта пазіцыя была знята. Пагаджальная камісія правяла 7 пасяджэнняў, па 6 чалавек ад наймальніка і ад супрацоўнікаў. Гэтыя 12 чалавек празасядалі сем разоў, кожны пункт Калектыўнай дамовы быў агучаны, абмеркаваны. Напрыклад, частку, якая датычыць аховы працы, мы ў поўным аб’ёме, патрабаваным законам, выконваем. Таксама цалкам захавалі палажэнне пра матэрыяльную дапамогу супрацоўнікам, чые дзеці атрымліваюць першую вышэйшую або сярэднеспецыяльную адукацыю. Калі штосьці было і ёсць і працуе, і на гэта ёсць грошы – пагаджаемся, пакідаем. У адваротным выпадку разглядаем, як што змяняць, прапа­ноўваюцца нейкія новыя пазіцыі.

Konferencija BSU rabotniki 2 s

Адзінадушна «за»

13 мая 2016 г. на дошцы абвестак Інтранет і на сайце прафсаюзнага камітэта БДУ быў размешчаны праект Калектыўнай дамовы. Больш за месяц ён знаходзіўся ў агульным доступе. За гэты час у прафкам звярнулася 11 структурных падраздзяленняў, не кажучы пра неафіцыйныя звароты. Фундаментальная бібліятэка, ФПМІ, хімфак, гіст­фак, юркаледж, студгарадок і многія іншыя звярнуліся з прапановамі ўнясення змен і дапаўненняў у праект.

З кожным прадстаўніком калек­тыву я асабіста сустракаўся, тлумачыў да кропачкі, па пунктах, што дзе і на якім заканадаўчым узроўні замацавана. Збіраў прапановы з абгрунтаваннямі, потым запрашаў стар­шыняў прафбюро, якія далей вялі абмеркаванне ў сваіх калектывах, потым усе слушныя прапановы выносіліся на камісію. Па выніках 7 чэрвеня быў вывешаны ў агульны доступ праект Калектыўнай дамовы са зменамі і дапаўненнямі. Адпраўлялі нашу Калектыўную дамову на экспертызу ў ЦК галіновага прафсаюза (Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі). Там кожны раздзел глядзеў свой спецыяліст, мне дасылалі заўвагі і ўдакладненні. Сама канферэнцыя прайшла дастаткова хутка, арганізавана, не было ніякіх пытанняў – таму што папярэдне была праведзена каласальная работа. Гэта як Алімпійскія гульні, калі Антон Кушнір (алімпійскі чэмпіён Сочы–2014 па фрыстайле. – Заўв. рэд.) робіць скачок і – гоп! – чэмпіён. Хіба ж ён за паўтары хві­ліны выступу стаў алімпійскім чэмпіёнам? Гэта катаржная праца некалькіх гадоў, а то й дзесяцігоддзяў. Вось і мы папрацавалі, спярша над праектам Калектыўнай дамовы, потым над зменамі і дапаўненнямі. Абмяр­коўвалі і на калідоры, і ва ўніверсітэцкім дворыку, ды я ў метро даваў кансультацыі па Калектыўнай дамове! Бывала, едзем ра­зам з працы, пытаюцца, слухай, а як там тое ці сёе… Месяц гэта ўсё абмяркоўвалі, мазалі сабе на языках нацёрлі – таму і канферэнцыя працоўнага калектыву прайшла арганізавана, бо калектыў «жалезна» адчуў клопат з боку наймальніка, пабачыў, што яна дакументальна аформлена, усё ўсім растлумачана – таму ўсе адзінадушна прагаласавалі «за». Канечне, ёсць частка людзей незадаволеных – але яны, здаецца, нічым ніколі не будуць задаволены, бываюць такія…

Штодзённы клопат

– Цяпер, калі дамова падпісана і асновы работы на найбліжэйшыя тры гады закладзены, можна адпачыць?

– Катэгарычна не. Паводле закона мы павінны перыядычна заслухоўваць най­мальніка, вытворчую камісію пра выкананне калектыўнай дамовы, высвятляць, як працуе тая ці іншая пазіцыя на практыцы. Усялякія надбаўкі, прэміі, матэрыяльная дапамога павінны ўзгадняцца з калектывам, а ад імя калектыву выступае прафкам. І калектыў у нас будзь здароў які, кожны дзень да мяне прыходзяць. Хтосьці падпісвае матэрыяльную дапамогу, на жаль, на пахаванне, а хтосьці, да радасці, на нараджэнне. Адзін, на бяду, доўга прахварэў, а іншы, на шчасце, паступіў вучыцца, усім трэба да­памагчы. Вось летні сямейны адпачынак у «Бры­ганціне» – гэта разавая акцыя. Зрабілі загад, праінфармавалі супрацоўнікаў, раз­мерка­валі пуцёўкі, людзі ў жніўні адпачнуць, зробім падлікі (колькі прафсаюз аплаціць, колькі наймальнік) – і да наступнага кра­са­віка гэты кірунак адкладзём. А Калектыўная дамова дзень пры дні працуе.

– Штодзень трэба камусьці дапамагчы, аздаравіць, дом пабудаваць… Якое Ваша бачанне ролі прафсаюза ва ўніверсітэце?

– У прафсаюза шмат кірункаў дзейнасці, і я, як старшыня, магу толькі хваліць і хваліць сваю арганізацыю. Адзначу толькі, што да­лёка за 80% супрацоўнікаў універсітэта з’яўляюцца чальцамі прафсаюза. Па комплексе БДУ гэта больш за 6 тысяч чалавек. Па ўсёй краіне прафсаюзы – самая масавая грамадская арганізацыя. Прэзідэнт пад­трымлівае прафсаюзы, сустракаецца са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусi Міхаілам Ордам, у СМІ дадзеная тэма часта асвятляецца. Прафсаюз – гэта сіла падтрымкі народа, дзяржавы.

Нітка да ніткі – беднаму світка

– Бадай, многае засталося ў спадчыну ад савецкай эпохі? Ці не мае тут месца пэўная фармальнасць: уступаеш у прафсаюз, атрымліваеш білет – і забываешся, куды і нашто ўступіў?

– Не. Вось вы прыйшлі на работу ва ўніверсітэт, напісалі заяву – прашу лічыць мяне чальцом прафсаюза і ўтрымліваць з майго заробку 1%. І больш вы да нас не прыходзіце. Але гэта не значыць, што вы не ўдзельнічаеце. Пад кожнай капейчынай прафсаюза ёсць прозвішча чалавека, які зрабіў унёсак. Вось, да прыкладу, у гэтым годзе датацыі на адпачынак у «Брыганціне» складаюць 886 тыс. Калі б вы і ваша не­паўналетняе дзіця захацелі паехаць, то мы вам даём 1 млн 772 тысячы. Па нашых зве­стках, сярэдні заробак па комплексе БДУ складае 7 млн, адпаведна сярэдні ўнёсак – 840 тыс на год. Ці вось дзеткам з «сацыяльных» сем’яў вылучаем матэрыяльную дапамогу, калі яны ідуць у першы клас. А яшчэ дзіцячы падарунак даём, арганізоўваем ранішнікі. Гэта ўсё далёка за межамі тых грошай, якія чалавек плаціць. І дапаўняе розніцу ваш калега – той чалавек, які з году ў год спраўна плаціць прафсаюзныя ўнёскі і нейкі час не бярэ. Дарэчы, вось ніколі не задумваўся, а ў мяне ж былі добрыя за­робкі, працаваў дырэктарам юрыдычнага каледжа 15 гадоў, і ўсё плаціў унёскі… А цяпер пабачыў канкрэтных людзей, якім і мая капейчына прыдалася – так цудоўна! Вось мы арганізавалі практычны семінар мамолага-гінеколага – запрасілі выбітнага ўрача, доктара навук і прафесара, анколага-мамолага Л. Путырскага, які праверыў больш за 400 жанчын. Трэба было кожную запісаць, сазваніцца, за кожную плацілі 200 тыс., абсталявалі адмысловы кабінет, арганізоўвалі для дактароў каву-гарбату… Было выяўлена 7 анкалагічных захвор­ван­няў. Спярша я спакойна да гэтага па­ста­віўся, а потым у прафкам завітала адна кабета, у дзвярах пакланілася і дзякуй сказала. Як мне спецыялісты патлумачылі, у гэтай галіне ранняе выяўленне такіх захворванняў азначае амаль стопрацэнтнае выздараў­ленне. Тады прыйшло ўсве­дамленне, што мы камусьці жыццё выратавалі. Ат! Нашто мне далей нейкія справаздачы рабіць? Дык вось, калі хто ўступіў у прафсаюз, але не мае часу ўдзельнічаць у сходах, сачыць за дзейнасцю арганізацыі – гэта не значыць, што такі чалавек «фармальны». Кожны дапамагае.

Konferencija BSU rabotniki 3 s

Гутарыла Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ  

http://www.gazeta.bsu.by/2016/07/prafsayuz-geta-sila/

 

Твитнуть