Задачы Бабруйскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі па вывучэнні, прапагандзе і рэалізацыі рашэнняў VIII з’езда Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама Праграмы дзейнасці галіновага прафсаюза на 2015-2020 гады абмеркавалі на гэтым тыдні ўдзельнікі ІI Пленума райкама прафсаюза — старшыні і члены прафсаюзных «пярвічак» устаноў адукацыі, а таксама сацыяльныя партнёры — кіраўнікі дадзеных устаноў.  

Адкрываючы пленум, старшыня райкама прафсаюза Т. Бокач акрэсліла асноўныя задачы галіновай праграмы, прынятай дэлегатамі з’езда ў красавіку. Нагадала, што асноўнае пытанне, на якое шукалі адказ удзельнікі высокага форуму, — як павысіць сацыяльны статус педагога і вярнуць прафесіі ранейшы прэстыж. І тое, што ўсе зышліся ў меркаванні — справа ў нездавальняючай аплаце працы педработнікаў. На з’ездзе, па словах Т. Бокач, выказваліся і канкрэтныя прапановы, як сітуацыю выправіць. На пастаянным кантролі галіновага прафсаюза былі і будуць пытанні своечасовасці і паўнаты выплаты заробку. У раёне, па словах лідэра прафсаюзнай арганізацыі, гэтыя параметры вытрымліваюцца. Было агаворана, што іншым разам зацягваецца разлік камандзіровачных выплат, але і гэтыя пытанні вырашаюцца.

У сувязі з тым, што шмат увагі на з’ездзе адводзілася пытанню аптымізацыі ўстаноў адукацыі, не абыйшлі яго і на мясцовым пленуме.

У сваім дакладзе Т. Бокач падрабязна спынілася на такіх актуальных пытаннях, як удзел райкама і прафкамаў у вырашэнні пытанняў аховы працы работнікаў устаноў адукацыі, іх аздараўлення, арганізацыі вольнага часу, прыцягнення да на­дзённых спраў ветэранаў педагагічнай працы і інш. І, вядома ж, шмат увагі было ўдзелена пытанням канструкцыйнага сацыяльнага партнёрства — найважнейшай умовы для забеспячэння працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, накіраванай на стварэнне творчай і стабільнай атмасферы ў калектывах, а ў выніку — на павышэнне якасці адукацыйнага працэсу.

Аб тым, як на практыцы рэалізуюцца прынцыпы сацыяльнага партнёрства ў іх установах, па­дзяліліся дырэктар Хімоўскага ВПК Н. Новікава, старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” Ленінскага ВПК І. Русак, а таксама загадчыца дзіцячага ясляў-сада в. Вішнёўка Л. Праскурня.

Л. Крычко, якая была дэлегатам VІI з’езда Федэрацыі прафсаюза Беларусі, распавяла аб сваіх уражаннях і асноўных пытаннях, якія падчас яго вырашаліся.

На ІI пленуме было адзначана, што раённаму камітэту яшчэ ёсць над чым працаваць, выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці ў рэалізацыі пастаўленых мэт. Апошняга можна дасягнуць за кошт умацавання арганізацыйнага адзінства, павышэння адказнасці і дысцыпліны кожнага, за кошт прынцыповай пазіцыі па асноўных пытаннях. На гэта і былі нацэлены ўдзельнікі раённага пленума. У сваю чаргу, яны прызналі работу райкама здавальняючай і зацвердзілі план мерапрыемстваў раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі па прапагандзе і рэалізацыі рашэнняў VІII з’езда галіновага прафсаюза, VІI з’езда Федэрацыі прафсаюза Беларусі.

Не абыйшлося на форуме і без узнагароджванняў. Пад апладысменты прысутных Лісты ўдзячнасці ад райкама прафсаюза былі ўручаны начальніку ГЦГА аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. Касцюкевіч і намесніку галоўнага бухгалтара аддзела С. Семянчуковай — за развіццё спартыўна-масавай работы і актыўны ўдзел у турысцкіх мерапрыемствах.

Bobrujsk Plenum 2015

http://www.tribunapracy.by

Твитнуть