Убачыць гук, прыняць пратэст ад вучня і паспрабаваць методыку «Рыбіна костка» - настаўнікі Беларусі і Расіі падзяліліся цікавымі адукацыйнымі распрацоўкамі ў рамках VI Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў.

Арыгінальны праект, суарганізатарам якога традыцыйна выступае  Мінская гарадская арганізацыя прафсаюза работ­нікаў адукацыі і навукі, штогод збірае таленавітых педагогаў дзвюх краін. Гэтым разам у Мінску сустрэліся 16 каманд (120 удзельнікаў) з Беларусі, Масквы і Тамбова. Шмат хто з іх мае за плячыма фіналы прэстыжных конкурсаў, такіх як «Усерасійскі конкурс «Педагагічны дэбют-2017» і «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017». Былі сярод удзельнікаў форуму і прадстаўнікі крэатыўнага Клуба настаўнікаў горада Мінска «Вялікі перапынак», які дзейнічае пры сталічным гарадскім інстытуце развіцця адукацыі.

Вялікім «педсаветам» маладыя настаўнікі абмяркоўвалі розныя цікавыя ідэі, часцяком - у выглядзе відовішчных прэзентацый. Адна з іх - даследванне масквічкі Эліны Стрэйкмане, выкладчыцы рускай мовы і літаратуры. Эліна патлумачыла слухачам, як можна не толькі пачуць гук, але і... убачыць. Педагог прадэманстравала камп'ютарную праграму, што надзяляе ўсе галосныя-зычныя адпаведным колерам. У выніку перад удзельнікамі майстар-класу з'явілася зрокавая версія Ясенінскай «Бярозы» - абстракцыя ў шэрых і белых тонах.

Калега Эліны, настаўніца інфарматыкі з Масквы Ірына Мажар прадставіла крыху правакацыйны міні-праект «Дэбаты на ўроках: «за» і «супраць», пераканаўшы слухачоў у карыснасці дыскусій з юнымі апанентамі - вучнямі. А мінчанін Станіслаў Цуба прапанаваў паспрабаваць на густ методыку «Рыбіна костка». Тэты таленавіты выкладчык геаграфіі з СШ N°122 і старшыня савета моладзі прафсаюзнай арганізацыі Савецкага раёна сталіцы лічыць, што вучні залішне перагружаны інфармацыяй. У процівагу Станіслаў практыкуе простую для ўспрымання ме­тодыку «Fish-bone» (з англійскай - рыбіна костка). Яе сутнасць у тым, што любыя даныя вучань можа ўявіць у выглядзе рыбінага шкілета, дзе хвост - гэта задача, косці - факты, а галава - вынік. «Такім чынам дзеці вучацца вылучаць галоўнае і адкідаць інфармацыйнае смецце. Каб не атрымлівалася, як у вядомай аповесці «Стары і мора», дзе герой змагаўся да знямогі з велізарнай рыбай. Толькі ў нашым выпадку стары - гэта вучні, а рыба - неабсяжны інфармацыйны паток», - разважае Станіслаў Цуба.

Пабываўшы на прэзентацыях педагогаў, завочна пачынаеш радавацца за вучняў - з настаўнікамі ім пашанцавала. «Усе ідэі і рашэнні, якія агучваюцца тут, будуць рас­паўсюджвацца далей, гэта ўжо стала тра­дыцыяй, - адзначыла старшыня Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава. - У той жа час фестываль мае і іншую задачу - дапамагчы моладзі ўсвядоміць, што яны не памылілі­ся з выбарам прафесіі. Так, праца скла­даная, але яна ў першую чаргу дазваляе стаць настаўнікам жыцця для дзяцей».

Асаблівы рэзананс на форуме выклікалі дыскусіі адносна працоўных будняў пе­дагогаў. У чым перавагі размеркавання (у расіян яго няма)? Дзе прасцей павысіць кваліфікацыю - у Беларусі ці Расійскай Федэрацыі? Якія праблемы надзённыя для профільных прафсаюзаў? На абмеркаванне гэтых і іншых пытанняў удзельнікі форуму патрацілі не адну гадзіну і напрыканцы фестывалю прапанавалі шляхі іх вырашэння.

Дарэчы, госці з Расіі прызналіся ў жаданні правесці адкрыты ўрок, прысвечаны Беларусі: настолькі добрае ўражанне ў іх засталося ад зносін з таленавітымі калегамі з «Сінявокай».

Публікацыя ў газеце "Беларускі Час" ад 10-16 лістапада 2017 г. №45.

 

 

Твитнуть