Студэнты выбралі лепшых выкладчыкаў
- Опубликовано: 12 июля 2016
- 809
У БДТУ выбралі лепшых выкладчыкаў факультэтаў, на думку студэнтаў. Упершыню ацэнка тых, у каго выкладае педагог, стала вызначальнай. Уражвае, што ў апытанні ўзяло ўдзел звыш 3 тысяч студэнтаў з 1 па 4 курс дзённай формы навучання. У рэктараце ўніверсітэта з вынікамі конкурсу абсолютна згодны.
"Спачатку мы хацелі выбраць аднаго лепшага выкладчыка ва ўсім універсітэце. Аднак зразумелі, што ёсць рызыка атрымаць непраўдзівыя вынікі: педагог можа перамагчы дзякуючы таму, што яго добра ведаюць на ўсіх факультэтах, як, напрыклад, выкладчыкаў вышэйшай матэматыкі ці гісторыі Беларусі. Таму было прынята рашэнне выбіраць лепшага выкладчыка на кожным факультэце", — адзначыла Крысціна Розум, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДТУ.
Каб даведацца імя лепшага выкладчыка на кожным факультэце, члены прафкама студэнтаў БДТУ, які, дарэчы, і стаў ініцыятарам правядзення такога мерапрыемства, з бланкамі для галасавання наведалі ўсе вучэбныя групы (колькасць груп перавышае ажно 250) з 1 па 4 курс на 7 факультэтах БДТУ.
Як адзначыла Крысціна Розум, у правядзенні апытання нярэдка дапамагалі і самі дэканаты. Так, на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый разам са студэнцкім актывам вучэбныя групы наведваў і намеснік дэкана.
"Безумоўна, студэнтам мы маглі прадаставіць гатовы спіс выкладчыкаў, з якога яны б і выбіралі лепшых. Аднак правільным палічылі спаборніцтва, калі студэнты самі прапаноўваюць асоб, вартых называцца лепшымі. Адзінае, што прапаноўвалася студэнтам, у сваім выбары кіравацца такімі паказчыкамі, як добрасумленная праца, педагагічнае майстэрства, справядлівасць, вытрымка і самавалоданне", — расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДТУ.
У выніку студэнты прапанавалі 157 выкладчыкаў. Для параўнання згадаем, што ва ўніверсітэце выкладаюць 672 чапавекі. У гэтую лічбу ўваходзяць і выкладчыкі, якія працуюць па сумяшчальніцтве.
"Апытанне праводзілі 10 дзён. Колькасць апытаных налічвае 3123 студэнты з 1 па 4 курс дзённай формы навучання", — расказала Крысціна Розум.
Пяты курс у галасаванні ўдзел не прымаў: на некаторых спецыяльнасцях студэнты выпусціліся ў лютым, па іншых праходзілі пераддыпломную практыку.
"Звычайна выкладчыкаў узнагароджваюць за падрыхтаваную навуковую работу, праведзены трэнінг, загадванне студэнцкім клубам і г.д., а тут мы выступілі з прапановай узнагародзіць выкладчыкаў за тое, што лепшымі іх лічаць студэнты", — заўважыла Крысціна Розум.
Як расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДТУ, у рэктараце, убачыўшы спіс пераможцаў, прызналі, што гэтыя выкладчыкі дастойныя перамогі.
"Лепшыя, на думку студэнтаў, выкладчыкі атрымалі не толькі сімвалічныя прызы ад прафкама, але і граматы БДТУ", — рэзюмавала Крысціна Розум.
У "Настаўніцкай газеце" таксама ўпэўнены, што перамогу атрымалі вартыя гэтага педагогі, таму і вырашылі з некаторымі пераможцамі пазнаёміцца бліжэй.
Лепшым выкладчыкам на факультэце інфармацыйных тэхналогій БДТУ, на думку студэнтаў, стаў Уладзімір Смялоў
На інжынерна-эканамічным факультэце БДТУ лепшым выкладчыкам, па меркаванні студэнтаў, стала Таццяна Брацянкова
Публікацыя ў "Настаўніцкай газете " ад 30 чэрвеня 2016 г.