28 кастрычніка 2014 года ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ветэрану педагагічнай працы, выдатніку адукацыі Вікецію Іванавічу Марозу споўнілася 90 гадоў. А зусім нядаўна была яшчэ адна ўрачыстая дата: 65 гадоў сумеснага жыцця Вікенція Іванавіча і Дзіны Канстанцінаўны, таксама настаўніцы з вялікім педагагічным стажам.

Нарадзіўся Вікенцій Іванавіч ў вёсцы Цякалаўшчына каля Нясвіжа. Вучыўся ў польскай школе і скончыў сем класаў. Калі ў 1939 годзе прышлі Саветы, скончыў яшчэ два класы. Затым пачалася вайна. У верасні 1943 года Вікенцій стаў навучэнцам Нясвіжскай гімназіі. У ліпені 1944 года Нясвіжскі раён вызвалілі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў і Вікенція Мароза прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію. А паколькі юнак ведаў польскую мову, то аказаўся ў польскім войску артылерыстам. Служба ў польскай арміі працягнулася да лютага 1947 года.

 У 23 гады вярнуўся на радзіму. Паступіў ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і ў 1948 годе атрымаў дыплом настаўніка пачатковых класаў. Сваю настаўніцкую працу Вікенцій Іванавіч пачаў у пачатковай школе вёскі Скураты нашага раёна. У гэты час сюды прыехала працаваць будучая жонка Дзіна Міцкевіч, ураджэнка вёскі Мікалаеўшчына Якуба Коласа. Тут маладыя педагогі ажаніліся, а праз год сталі працаваць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў Косаўскай сярэдняй школе і паступілі завочна на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Пасля двух гадоў працы ў Косаўскай школе Вікеція Іванавіча прызначылі завучам мясцовага дзіцячага дома, а потым і дырэктарам. Дзесяць гадоў працавала сямейная пара ў гэтай школе. Жылі на кватэры. Тут нарадзіліся тры сыны.

У 1961 годзе мнагадзетная сям’я Марозаў пераехала ў вёску Даманава. Вікенцій Іванавіч працаваў завучам ў мясцовай школе, а Дзіна Канстанцінаўна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Праз тры гады нарадзіўся чацвёрты сын. А яшчэ праз чатыры гады сям’я настаўнікаў атрымала трохпакаёвую кватэру, дзе жыве і цяпер.

Як педагогі, Марозы былі на высокіх прыступках. Вікенцій Іванавіч аддаў педагагічнай працы паўвека, стаў выдатнікам народнай асветы, атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР і ЦК прафсаюза. Увесь працоўны час займаўся прафсаюзнай дзейнасцю. Быў старшынёй прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі у Косаўскай, Даманаўскай СШ, Косаўскім дзіцячым доме, старшынёй Івацэвіцкага раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. А яшчэ Вікенцій Іванавіч пазаштатны карэспандэнт раённай газеты “Кастрычнік”, а потым “Івацэвіцкі веснік”. Адзін з аўтараў кнігі “Памяць. Івацэвіцкі раён”.

У Дзіны Канстанцінаўны сорак гадоў работы ў школе, шмат грамат і падзяк ад дзяржавы. Але галоўнае – гэта памяць былых вучняў і сваіх дзяцей, чатырох хлопцаў: Алега, Уладзіміра, Мікалая і Ігара. Трое закончылі Даманаўскую СШ з залатым медалём. Мікалай стаў будаўніком, Ігар - медыкам, Алег - хімікам. Уладзімір пайшоў ў творчую прафесію: піша вершы, выдае паэтычныя зборнікі, працуе на кінастудыі “Беларусьфільм”, з’яўляецца аўтарам 40 дакументальных, навукова-папулярных і вучэбных кінафільмаў. З 1997 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

 Незабыўныя сустрэчы адбыліся ў жыцці Вікенція Іванавіча з таленавітымі і знакамітымі людзьмі нашай радзімы. У 1954 годзе на IV з’ездзе пісьменнікаў з Якубам Коласам, пісьменнікамі Піліпам Пестраком і Рыгорам Няхаем у Косаве, Іванам Навуменкам у БДУ, Іванам Шамякіным, Максімам Танкам і Барысам Сачанкам у Мінску, з Васілём Быкавым на з’ездзе беларусаў свету ў 1982 годзе.

 

  Вікенцій Іванавіч Мароз быў і застаецца вельмі дружалюбным чалавекам. Таму павіншаваць яго з юбілеем прыехалі прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, савета ветэранаў педагагічнай працы, рэдакцыі раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”, Даманаўскага сельскага савета, Даманаўскай СШ.

Твитнуть