Успаміны дырэктара Дублінская базавай школы (зараз школа закрыта) Ляпехі Любові Пятроўны.

 Прайшло трыццаць гадоў з таго дня, як адбылася самая жахотная аварыя 20 стагоддзя - Чарнобыльская атамная катастрофа. Але і сёння я памятаю ўсё да драбніц… Была субота, шчодры на цяпло цудоўны красавіцкі сонечны дзень.

Я была ў матулі ў весцы Просмычы са сваім трохгадовым сыночкам. Прыйшла цётка Вольга з навінай: “Ці чулі, кажуць на Чарнобыльскай станцыі быў пажар. Прыехалі Іван з Вольгай Камлыковы з Прыпяці, расказвалі, што на станцыі быў пажар. Пажарнікі ўсю ноч тушылі, але, дзякуй Богу, затушылі”.

У панядзелак з самай раніцы паехала ў раённы аддзел адукацыі, каб даведацца аб катастрофе і што рабіць у школе. Але інспектары самі нічога дакладна не ведалі аб падзеях на АЭС. Патэлефанаваў дырэктар Залесскай сярэдняй школы Козел Аляксандр Іванавіч (Залессе знаходзілася блізка ад Чарнобыльскай АЭС), які прасіў парады, што рабіць. Інспектар Бусыгіна Ніна Міхайлаўна пазваніла старшыні райвыканкама Пракопаву Аляксандру Міхайлавічу, каб даведацца пра сітуацыю. Але той супакоіў жанчыну і папрасіў перадаць дырэктару Залесскай школы, каб ён правёў гутарку з настаўнікамі і бацькамі, супакоіў іх, але дзеці павінны былі знаходзіцца ў памяшканні школы і ўрокі фізічнай культуры праводзіліся ў спартыўнай зале.

А дні ў радыяцыйнай зоне нагадвалі звычайнае жыццё: вяскоўцы садзілі бульбу, сеялі грады, дзеці гулялі на вуліцы. 1 Мая ў раённым цэнтры дарослыя выйшлі на першамайскую дэманстрацыю, дзіўна было, што на гэтым мерапрыемсве адсутнічалі дзеці.

Самае страшнае пачалося 4 мая на Вялікдзень. У гэты дзень пачалася эвакуацыя насельніцтва з 30- кіламетровай зоны. Бабулькі з вузельчыкамі ў руках сядзелі ў аўтобусах і плакалі, мужчыны перажывалі моўчкі: сум, боль і роспач перадавалі позіркі. Яны думалі, што праз некалькі дзён вернуцца ў родныя вёскі. Не верылі, што развіталіся з роднымі мясцінамі назаўсёды і стануць “чарнобыльцамі”.

Мая свякроўка прыйшла з Пучына пабачыць унука і расказала, што больш гадзіны стаяла на абочыне, бо не магла перайсці дарогу, таму што ў бок Камарына ішлі сотні грузавых машын.Убачыўшы аўтобусы з людзьмі з Перасецінца, Старога і Новага Сцяпанава, яна засабіралася дахаты. Сынок хацеў правесці бабулю, але я не дазволіла, сказала, што на вуліцы радыяцыя.

- Мама, а якая яна тая радыяцыя, вялікая? Я яе не бачу?

- Не, сыночак, яе ўбачыць нельга, але яна вельмі страшная.

Праз дзень я адправіла маці да яе сястры ў Саратаўскую вобласць. Людзі, напалоханыя радыяцыяй, везлі дзяцей з Камарына, Брагіна, весак далей ад пагрозы.

6 мая каля 10 гадзін вечара паступіла тэлефонаграма аб эвакуацыі дзяцей дашкольнага ўзросту і вучняў школ. Вось дзе высветлілася, якая ў каго душа, хто сапраўдны настаўнік, чалавек, а хто прыстасаванец. Дзякуй тым настаўнікам, якія дапамаглі падрыхтаваць дзяцей да эвакуацыі, абыходзілі сем’і да глыбокай ночы са мной, і ганьба тым, якія жывуць з чэрствай душой і сёння, клапаціліся, у першую чаргу, аб сабе і сваім дабрабыце.

7 мая пачалася масавая эвакуацыя. Каля сотні аўтобусаў з вёсак з’ехаліся на плошчу ў г.п. Брагіне. Кіраўніцтва райвыканкама размеркоўвала школы і садкі па санаторыях і школах Гомельскай вобласці.  Нашу Дублінскую базавую школу разам з Мікулічскай сярэдняй школай адправілі ў г.п. Васілевічы: школьнікаў у школу – інтэрнат, дашкольнікаў у дзіцячы садок. Мой сынок знаходзіўся разам со сваёй бабуляй у г. Краснаармейску, а душа балела, як ён там, як яго здароўе. У канцы мая дзяцей адправілі ў Мададзечанскі раён у піянерскі лагер “Лясное”. А я ў гэты час вярнулася ў родную вёску, мне далі водпуск, потым паехала на Саратаўшчыну, каб забраць маці і сынка.

З сыночкам прыехала ў Мінск, спадзяючыся, што мне і трохгадоваму сыну знойдзецца месца у санаторыі разам з дублінцамі. Вырашыла схадзіць у Мінскі гаркам партыі і папрасіць дапамогі ва ўладкаванні ў санаторый. Але сакратар прапанаваў пакінуць трохгадовае дзіця ў кругласутачным садку. Дапамог… Што заставалася рабіць? Вырашыла паехаць дамоў у Дублін.

Пабыўшы тры дні дома. адправілася да сваіх вучняў у “Лясное”, дзе прабыла да канца жніўня. У канцы жніўня прыйшла радасная вестка, што мы вяртаемся дахаты. Колькі было радасці у нас дарослых, у дзяцей. У Хойніках сустрэў старшыня райвыканкама Пракопаў А.М., выказаў падзяку настаўнікам, падбадзёрыў. З 1 верасня ў школе зазвінелі дзіцячыя галасы. Жыццё  працягвалася.

А трывогі і хваляванні пра страшныя чарнобыльскія дні яшчэ доўга будуць памятаць дарослыя і дзеці.  

Твитнуть